У камеру Статкевіча грукаюць па начах і не даюць спаць
Таксама Мікалаю Статкевічу ў вязніцы не перадаюць медычную бандэроль, у якой жонка палітыка Марына Адамовіч даслала яму лекі.
Мікола Статкевіч і Марына Адамовіч, архіўнае фота з сайту Міколы Статкевіча statkevich.org
Марына Адамовіч распавяла Радыё Свабода:
«Яшчэ ў верасні я атрымала дазвол на перадачу яму лекаў, адправіла бандэроллю. А ад яго патрабуюць, каб распісаўся, што гэта нібыта
“невядомая бандэроль ад нявысветленай асобы”. Хаця на бандэролі вялікімі літарамі напісана “медычная”. Ён адмаўляецца. Ведаеце,
у нас такое ўжо было. Летась якраз на мой дзень народзінаў такая бандэроль да мяне вярнулася. Нібыта я памылілася ў нечым. Ведаеце, відаць, у турме
мала падзей. Бандэроль — ужо падзея. Але не выключаю, што яму помсцяць. Адмовіўся ад медычнай дапамогі — дык не атрымлівай і медычную
бандэроль».
Раней стала вядома, што Мікалай Статкевіч ў турме адмовіўся ад дапамогі турэмных лекараў, падазраючы іх у наўмысным пагаршэнні ягонага здароўя.
Таксама Марына Адамовіч паведаміла, што некалькі начэй запар ахоўнікі турэмнага калідору, дзе знаходзіцца камера Мікалая Статкевіча, праз кожныя 10–15 хвілін грукалі ў дзверы ягонай камеры. «Гэта можна расцэньваць як спробу не даць спаць ноччу, каб удзень падлавіць падчас сну і пакараць карцэрам», — мяркуе Марына Адамовіч.
Былы кандыдат на прэзідэнта Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зняволення нібыта за арганізацыю вулічных забурэнняў
19 снежня 2010 года. Мікалай Статкевіч не прызнаў сваёй віны. Палітвязня трымаюць у магілёўскай турме ў камеры на 2 чалавек.