У Кіеве патрабавалі вызваліць затрыманых у Мінску ўкраінцаў

25 сакавіка каля 40 прадстаўнікоў украінскіх нацыянальна-патрыятычных арганізацый прыйшлі да беларускай амбасады ў Кіеве з патрабаваннем вызваліць затрыманых у Мінску актывістаў “Нацыянальнага Альянсу”. У руках пікетоўцаў было шмат плакатаў у падтрымку затрыманых.



dsc_1449.jpg

Кіраўніца “Нацыянальнага Альянсу” Мая Масквіч выступіла перад прысутнымі. Калі ўкраінцы не будуць вызваленыя бліжэйшым часам, акцыі каля амбасады працягнуцца да моманту іх вызвалення, вырашылі пікетоўцы.

Кіраўніца “Нацыянальнага Альянсу” Мая Масквіч звярнулася з лістом да міністра замежных справаў Украіны Леаніда Кажары. Яна просіць прыкласці ўсе намаганні для найхутчэйшага вызвалення затрыманых і іх бяспечнага вяртання ва Украіну.

Нагадаем, што 24 сакавіка ў Мінску беларускія праваахоўнікі затрымалі трох актывістаў усеўкраінскай моладзевай арганізацыі “Нацыянальны Альянс”. Украінцы прыехалі ў Беларусь, каб прыняць удзел у штогадовай акцыі беларускай апазіцыі “Дзень Волі”.

Іх паездка праходзіла ў межах праекта “Украінская прысутнасць”, які праводзіць “Нацыянальны Альянс” сумесна з міжнароднай арганізацыяй Цэнтр “Супрацоўніцтва без межаў”. Удзельнікі праекта ездзяць у розныя краіны свету, у асноўным “аўтастопам”, і паднімаюць на масавых акцыях, якія яны ідэйна падтрымліваюць, украінскія сцягі.

Юлію Грышчук, Юлію Слівінскую і непаўналетняга Назара Зеліноўскага судзілі ў Савецкім раённым судзе Мінску, ім інкрымінавалі непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.

Назар Зелінкоўскі атрымаў папярэджанне. Яго адвязуць у аддзяленне міліцыі на вуліцы Якуба Коласа, каб увечары перадаць бацькам. Заўтра а 12-й гадзіне дня Аддзел па грамадзянстве і міграцыі Савецкага РУУСа Мінска разгледзіць пытанне па дэпартацыі Назара з Беларусі, паведаміла “Еўрарадыё”. Пасля заканчэння мерапрыемства ён быў затрыманы разам са старэйшымі паплечніцамі Юліяй Грышчук і Юліяй Слівінскай, якіх асудзілі на адны суткі арышту і ўжо вызвалілі.

dsc_1379.jpg

dsc_1443.jpg

dsc_1361.jpg

dsc_1479.jpg

Паводле прэс-службы Цэнтра “Супрацоўніцтва без межаў”, “Еўрарадыё”, БелаПАН