У Лунне ўшанавалі памяць паэта Міхася Явара
110-ую гадавіну з дня нараджэння паэта Міхася Явара, а таксама 150-ыя ўгодкі паўстання Кастуся Каліноўскага адзначылі грамадская ініцыятыва “За Еўрапейскую Мастоўшчыну” і Рух “За Свабоду”.
Актывіст з Мастоў Алег Пронскі кажа, што акцыя ўшанавання памяці паэта мае ўжо пяцігадовую традыцыю:
— Кожны год стараемся падтрымліваць гэтую традыцыю. Збіраемся з нагоды гадавіны смерці Міхася Явара, мясцовага паэта, які нарадзіўся на Мастоўшчыне. У гэтым годзе мы сабраліся крыху пазней, але я лічу, што галоўнае адзначыць, не мае значэння калі. Значная частка вершаў Міхася Явара была страчана падчас Вялікай Айчыннай вайны. Засталася вельмі нязначная частка, тая, што была выдадзена. Для мяне гэта значная падзея, значная асоба ў жыцці Мастоўшчыны.
Урачыстасці прайшлі ў Лунне, на вуліцы, якая цяпер носіць імя Міхася Карася, а таксама мае прысады з явара, як напамін пра творчы псеўданім паэта.
Другая частка мерапрыемства адбылася побач з хатай у вёсцы Мінявічы, у якой нарадзіўся Міхась Явар. Каля помніка Міхасю Явару ўдзельнікі чыталі вершы паэта.
Здымкі Савелія Малчанава