У Магілёве міліцыя перашкодзіла ў распаўсюдзе бюлетэня “Сацыял-дэмакрат”
4 кастрычніка з тэрыторыі рынка аўтазапчастак, які знаходзіцца на Гомельскай шашы, быў прымусова выведзены актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Алесь Сердзюкоў, які раздаваў там партыйны бюлетэнь.
Актывісту атрымалася раздаць каля 50 бюлетэняў, пасля чаго да яго падышлі трое міліцыянтаў і пачалі разбірацца ў тым, што за прадукцыю раздае актывіст.
“Міліцыянты ўзялі сабе асобнік выдання, чамусьці сказалі, што ў бюлетэні няма выходных звестак, хоць яны маюцца, і каб я ішоў прэч з аўтарынка. Акрамя таго яны перапісалі пашпартныя дадзеныя. Сказалі, што калі я зноўку з'яўлюся на аўтарынку, то мяне арыштуюць, а наклад бюлетэняў канфіскуюць”, — гаворыць Алесь Сердзюкоў.
Актывіст кажа, што здолеў перапісаць прозвішча галоўнага міліцыянта, які вёў з ім перамовы — гэта Уладзімір Данцоў. Сердзюкоў адзначае, што міліцыянты сталі непраходным мурам каля ўваходу на рынак і стаялі да таго часу, пакуль ён адтуль не сышоў.
Варта адзначыць, што нумар бюлетэню “Сацыял-дэмакрат” быў прысвечаны кампанія, якую распачалі магілёўскія сацыял-дэмакраты “За зніжэнне растаможкі аўтамабіляў, што ўвозяцца ў Беларусь з Еўропы і ЗША”. Усе публікацыі бюлетэня былі прысвечаны праблеме высокіх коштаў растаможкі былых у выкарыстанні аўтамабіляў з Еўропы і ЗША і недаступнасці іх для сярэднестатыстычнага беларуса.