У межах БРСМаўскай выставы ідэяў прапанавана ўвесці падатак на медыцыну
Баранавіцкія ўлады працягваюць прапагандаваць ідэю ўвядзення абавязковай платы за медабслугоўванне. Прапануецца вылічваць 1% ад заробку беларусаў у якасці падатку на медыцыну.
Раней старшыня гарвыканкама Віктар Дзічкоўскі прапаноўваў зрабіць платным уваход у паліклінікі. Цяпер ідэю вылічваць грошы з заробкаў на медыцыну агучылі ў мясцовым універсітэце, перадае
«Радыё Свабода».
Ідэю вылічваць 1% ад заробку ў якасці падатку на медыцыну прапанавалі ў сваім праекце маладыя навукоўцы Баранавіцкага ўніверсітэта. Гэты праект прапанаваны ў рамках БРСМаўскай выставы ідэй і, на
думку навукоўцаў, зменшыць выдаткі дзяржаўнага бюджэту на медыцыну.
Стала вядома, што праект падтрымаў «дэпутат» «парламента» з Баранавічаў Аляксандр Сцяцко, які паабяцаў маладым актывістам, што іх прапанова будзе разгледжаная ў
«нацыянальным сходзе».
У інтэрнэце адразу ж разгарэліся дыскусіі. Карыстальнікі інтэрнэту абсмяялі вынікі даследавання баранавіцкіх навукоўцаў, якія апыталі ўсяго 300 чалавек, сярод якіх 98% выказаліся на карысць
платнай медыцыны, а 70% ужо гатовыя плаціць падатак на медыцынскае абслугоўванне.
Баранавіцкі грамадскі дзеяч, былы выкладчык мясцовага ўніверсітэта Віктар Сырыца лічыць увядзенне падатку на медыцыну абсурдным:
«Кошты ў нас растуць, як грыбы пасля цёплага дажджу, людзі хутка бяднеюць, а тут яшчэ дадатковы падатак на медыцыну. Гэты падатак ударыць не па чыноўніках, чый заробак за лета вырас на 40 адсоткаў, а гэты падатак ударыць перш за ўсё па малазабяспечаных. Катэгарычна супраць!»