У Мінску адкрыюць аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых людзей
Да канца года ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маскоўскага і Першамайскага раёнаў Мінска адкрыюць два аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых людзей на 50 месцаў.
Пра гэта паведаміла намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Ірына Дудка на прэс-канферэнцыі ў Мінску 1 кастрычніка.
Ім забяспечаць прафесійны догляд, для дастаўкі плануецца выкарыстоўваць службу сацыяльнага таксі. Прымаць у аддзяленні дзённага знаходжання будуць толькі дзеяздольных пажылых людзей, пералік
медыцынскіх супрацьпаказанняў распрацоўваецца. Плата за паслугу будзе невялікая, не большая, чым за знаходжанне ў дзіцячым садку, сказала Дудка.
Каб аблегчыць догляд пажылых людзей у сем'ях, камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама прапаноўвае сацыяльную перадышку, гэта значыць магчымасць пакінуць пажылога
чалавека на адзін-два месяцы ў інтэрнаце на платнай аснове. Кошт паслугі — 2 млн. 990 тысяч рублёў. У гэту суму ўваходзіць плата за пяціразовае харчаванне, пражыванне і медыцынскі догляд на
працягу месяца. «Такая сацыяльная перадышка дазваляе тым, хто даглядае пажылых людзей, паехаць у адпачынак, у камандзіроўку», — адзначыла Дудка.
У Мінску, падкрэсліла яна, пажылыя людзі актыўна карыстаюцца сацыяльнымі паслугамі на даму, паслугамі сядзелкі, «попыт на якія перавышае прапанову».
БелаПАН