У Мінску кіроўцу аўтобуса пазбавілі прэміі за расійскі сцяг у кабіне
А сам сцяг прымусілі прыбраць. Культурніцкі актывіст Алесь Мазанік дабіўся такога рашэння ад дырэктара аўтобуснага парка №2 Ігара Журка.
Сцяг суседняй краіны кінуўся ў вочы Алесю Мазаніку ў аўтобусе сталічнага маршрута №50, калі ён сеў у яго 4 верасня на прыпынку «Станцыя метро «Спартыўная», паведамляе
«Еўрарадыё».
Першае, што зрабіў Мазанік, — занатаваў дзяржаўны нумар аўтобуса АА 4159-7 ды імя кіроўцы. А потым напісаў ліст у аўтобусны парк №2.
Неўзабаве прыйшоў адказ. Дырэктар Ігар Журок засведчыў, што падчас праверкі «выяўлена парушэнне экіпіроўкі», і паведаміў, што «кіроўцу паменшаны памер прэміяльнай
аплаты за верасень 2013 года». Таксама ў адказе значыцца, што «парушэнне ліквідаванае».
У размове з Еўрарадыё Ігар Журок зазначыў, што «заадно» са шкла аўтобуса прыбралі і дзяржаўны беларускі сцяг.
Дырэктар падкрэслівае, што знялі не таму, што гэта той ці іншы сцяг, а таму што правіламі забаронена змяшчаць на лабавым шкле староннія прадметы ўвогуле.
Ігар Журок: «Па вялікім рахунку, на лабавым шкле ўвогуле нельга нічога размяшчаць. Хоць таблічка аб праходжанні тэхагляду вешаецца на лабавое шкло. І цяпер яшчэ для аплаты дарог
прылады. Але болей нічога нельга».
Кіроўцу знялі часткі прэміі за верасень — паводле словаў дырэктара, гэта «10 або 15 працэнтаў». А таксама ўзялі тлумачэнне, чаму сцягі з’явіліся ў
кабіне.
Нагадаем, што гэта ўжо не першы выпадак, калі грамадзяне скардзяцца на расійскія сцягі ў грамадскім транспарце.
У траўні 2013 года пасля скаргі журналіста Кастуся Шыталя глыбоцкі аўтапарк прымусіў кіроўцу прыбраць расійскі сцяг з кабіны рэйсавага аўтобуса «Глыбокае-Міёры».
Што праўда, тады пра пазбаўленне кіроўцу прэміі нічога сказана не было.
euroradio.by