У Мінску прадстаўлена брашура "Беларусь: Terra Incognita ў цэнтры Еўропы ці тэрыторыя еўразійскага кампрамісу"
Прэзентацыя брашуры "Беларусь: Terra Incognita ў цэнтры Еўропы ці тэрыторыя еўразійскага кампрамісу" прайшла 5 снежня ў Мінску. Яе ўкладальнікамі з'яўляюцца праваабаронца Алег Волчак, юрысты Ігар Рынкевіч і Юрый Ваўчок.
Ігар Рынкевіч
Выпуск брашуры звязаны з падпісаннем 5 снежня 1994 года Беларуссю, Расіяй, Англіяй і ЗША мемарандума аб гарантыях бяспекі ў сувязі з далучэннем Беларусі да Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай
зброі. Паводле меркавання ўкладальнікаў, мемарандум у сённяшніх умовах можа стаць дакументам, які адкрые новую Беларусь, здольную стаць палітычным, эканамічным і культурным Домам еўразійскага
супрацоўніцтва і кампрамісу.
Паводле слоў Ваўчка, Беларусі як нейтральнай дзяржаве "неабходна новае аблічча". "Цяпер нават улады пачалі разумець, што краіне неабходная мадэрнізацыя. Але ёсць і тыя, хто
сумняваецца ў неабходнасці пераўтварэнняў, баючыся перамен саміх па сабе. Калі мадэрнізацыі не будзе і Беларусь не зможа ўбудавацца ў агульнасусветныя тэндэнцыі развіцця, ёй не пазбегнуць
эканамічнага краху", — лічыць ён.
Ваўчок расказаў, што ў брашуры ўкладальнікі спрабавалі выказаць сваё бачанне месца і ролі Беларусі ў сучасным свеце. У прыватнасці, паводле іх меркавання, Беларусь можа стаць "тэрыторыяй
еўразійскага кампрамісу, пляцоўкай, дзе ў многіх сферах грамадскага і палітычнага жыцця народаў Еўразіі будуць вырашацца разнастайныя спрэчкі".
Укладальнікі брашуры прапануюць краінам Еўропы і Азіі інтэгравацца ў еўразійскую супольнасць, у якой тэрыторыя Беларусі можа стаць цэнтральнай пляцоўкай. Паводле іх меркавання, Еўразіі сёння
"неабходны новы геапалітычны кантэкст, і ў Беларусі непазбежна паўстануць прапановы па новым фармаце еўразійскага супрацоўніцтва, стварэнні еўразійскіх рэгіянальных арганізацый, закліканых
забяспечыць мір, бяспеку і супрацоўніцтва ў Еўразіі". У прыватнасці, у Мінску мог бы размясціцца адзін з інстытутаў АБСЕ, напрыклад Вярхоўная камісія па справах нацыянальных меншасцяў.
Рынкевіч заклікаў уладу "звярнуць увагу на тое, што Беларусь стаіць на парозе выбару, што існуе пагроза паглынання краіны мацнейшымі народамі". Ён заклікаў і апазіцыйныя структуры да
адзінства. "Неабходна ўсім сесці за стол перамоў і вырашыць, як выратаваць краіну", — падкрэсліў Рынкевіч.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН