У Мінску ўвялі рэжым павышанай гатоўнасці

У Мінску з-за рэзкага пагаршэння надвор'я з 12:00 16 снежня па 09:00 19 снежня ўвялі рэжым функцыянавання Мінскай гарадской падсістэмы дзяржсістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый "Павышаная гатоўнасць". Усім прадпрыемствам і арганізацыям незалежна ад формаў уласнасці загадана прыцягнуць усе сілы і сродкі для ліквідацыі наступстваў снегападаў.



rbwiwb_w465h262.jpg

Мінгарвыканкам таксама просіць мінчукоў больш актыўна прыбіраць снег у дварах, выконваць правілы паркоўкі, выкарыстоўваць для гэтага ахоўныя стаянкі, паркінгі, гаражы, не ствараць камунальнікам перашкодаў для ўборкі і ўстрымацца ад выезду на асабістым транспарце. Гэта дапаможа камунальным службам хутчэй і больш якасна спраўляцца з ачысткай горада ад снегу, палегчыць працу спецаўтатранспарту, заявілі ў Мінгарвыканкаме.
 


У сваю чаргу ДАІ горада рэкамендуе кіроўцам знізіць хуткасць, захоўваць дыстанцыю і пазбягаць перастраенняў, не пакідаць аўтамабілі на праезнай частцы на працяглы час, каб не ствараць перашкоды для снегаўборачнай тэхнікі. У адваротным выпадку эвакуатарамі ў ДАІ пагражаюць іх пераставіць або адбуксіраваць на ахоўныя стаянкі. Пешаходам рэкамендуецца быць уважлівымі, пераходзіць праезную частку толькі ў прызначаных для гэтага месцах і выкарыстоўваць у цёмны час флікеры.
 


Кіроўцам грузавых аўтамабіляў улады нагадваюць, што іх стаянка ў Мінску забаронена за выключэннем спецыяльна адведзеных для гэтага месцаў. У выпадку парушэння грузавымі аўтамабілямі правілаў стаянкі ДАІ будзе выкарыстоўваць блакіратары колаў, а кіроўцаў машын штрафаваць.
 


У Мінгарвыканкаме таксама нагадалі мінчукам пра магчымасці заключыць за 21,39 тыс. рублёў у месяц дамову з жыллёвай службай па месцы жыхарства на ачыстку снегу вакол аўтамабіля ў радыюсе метра.

telegraf.by