У Падмаскоўі забілі беларускага прадпрымальніка
У падмаскоўнай Балашысе невядомыя расстралялі ўчора беларускага прадпрымальніка, ад атрыманых раненняў ён сканаў.
Пра гэта БелТА паведамілі ў галоўным следчым упраўленні Следчага камітэта Расіі па Маскоўскай вобласці.
Папярэдне ўстаноўлена, што каля 13.00 камерсант выехаў на сваім аўтамабілі «Таёта
- Лэндкрузер - Прадо» з аптовага рынку «Усход» на шашы Энтузіястаў горада Балашыхі ў напрамку Масквы. Па дарозе аўтамабіль ВАЗ-2107
наўмысна справакаваў ДТЗ, ударыўшы ў левую бакавую частку «Таёты» і прымусіўшы такім чынам прадпрымальніка спыніцца. Калі мужчына выйшаў , невядомы зрабіў у яго не менш
за пяць стрэлаў, пасля чаго разам з саўдзельнікамі схаваўся з месца здарэння на аўтамабілі Daewoo.
Прадпрымальнік быў шпіталізаваны ў адну з маскоўскіх бальніц з шматлікімі агнястрэльнымі раненнямі і, нягледзячы на аказаную яму медыцынскую дапамогу, ад атрыманых раненняў памёр.
Следства не выдае прозвішча загінулага. Вядома, што ён 1966 нараджэння, займаўся пастаўкамі мясной прадукцыі з Беларусі ў Падмаскоўі.
Следчыя органы Следчага камітэта РФ па Маскоўскай вобласці па дадзеным факце распачалі крымінальную справу па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 105 КК РФ (забойства), арт. 222 КК
РФ (незаконнае захоўванне агнястрэльнай зброі). Праводзяцца следчыя дзеянні, накіраваныя на высвятленне ўсіх абставінаў здарэння, а таксама ўстанаўленне асоб, якія маюць дачыненне да забойства.
belta.by