У Польшчы знойдзены рэшткі паўстанцаў 1830 году

Адкрыццё здзейснілі будаўнікі ў горадзе Ліў. На месцы ўжо працуюць археолагі.



7d55bf6c8539ffd28eb3ea6cfee65631.jpg

Спартовы клуб "Лівія" планаваў пабудаваць дзіцячую пляцоўку непадалёк ад крыжу памяці паўстанцаў, якія загінулі ў бітва за Ліўскія Масты ў красавіку 1831.

Польскія войскі сутыкнуліся з сіламі фельдмаршала Івана Дыбіча, які ў выніку быў вымушаны адступіць. Бой быў вельмі крывавым — загінула некалькі сотняў жаўнераў з абодвух бакоў. Крыж на месцы бітвы паставілі мясцовыя жыхары ў 1897-м годзе.

У 2014 годзе гарадскія ўлады вырашылі перанесці помнік. Падчас пераносін аб'екта будаўнікі знайшлі чалавечыя шкілеты. Было вырашана пачаць археалагічныя працы. Археолаг Адам Фаліс зазначыў, што пацвердзіліся аповеды пра тое, што крыж стаяў на месцы пахавання загінуўшых паўстанцаў. На месцы пахавання былі знойдзены гузікі 20-га пяхотнага палка, які падчас паўстання змагаўся з царскімі войскамі, сказаў Фаліс.

У выніку знаходкі гарадскі архітэктар загадаў правесці поўныя археалагічныя даследаванні. Яны будуць доўжыцца да канца ліпеня.

Навукоўцы спадзяюцца, што будуць далейшыя адкрыцці. Спецыялісты зазначаюць, што рэшткі паўстанцаў 1831 году сустракаюцца вельмі рэдка, бо месцы іх пахавання не пазначаліся.

www.radyjo.net