У сталічных паліклініках па-ранейшаму не хапае медперсаналу

У 10-й гарадской паліклініцы з 1 жніўня прыступілі да працы (пасля праходжання інтэрнатуры) выпускнікі медыцынскіх ВНУ: пяць участковых тэрапеўтаў, два хірурга (з іх адзін дзіцячы),
лекар-траўматолаг, лекар акушэр-гінеколаг, лекар-рэнтгенолаг. Усяго 10 маладых спецыялістаў. З папаўненнем укамплектаванасць лекарамі ў гэтай медустанове склала 86%. Пры цяперашнім кадравым голадзе ў
ахове здароўя гэта ўжо дасягненне.



—  У нашу паліклініку моладзь ідзе, у тым ліку з рэгіёнаў: нядаўна аформілі на пасаду ўчастковага тэрапеўта лекара з Оршы, а доктара з Беразіно ўзялі эндакрынолагам, —  патлумачыла галоўны лекар 10-й гарадской паліклінікі Святлана Цабкала. —  Адпрацаваўшы па размеркаванні, яны прыехалі ў сталіцу.


У Мінску дастаткова паліклінік, дзе спецыялістаў прымуць з распасцёртымі абдымкамі. Аднак пры выбары маладыя людзі спыняюцца на 10-й. Па-першае, новая. Па-другое, прасунутая ў плане інфарматызацыі: усе працоўныя месцы лекараў камп'ютэрызаваныя. Спраўна працуе сістэма ўнутранага электроннага дакументаабароту. На кожнага пацыента заведзеная электронная медыцынская амбулаторная карта, якая па аналогіі з друкаваным варыянтам пастаянна абнаўляецца дадзенымі лабараторных, ультрагукавых або рэнтгеналагічных даследаванняў і іншымі важнымі звесткамі, без якіх нельга паставіць дыягназ і прызначыць правільнае лячэнне. Рэцэпт пацыенту таксама набіраюць на кампутары, а пасля выводзяць на прынтэр.


—  Маладым спецыялістам штомесяц ўстанаўліваецца надбаўка па кантракце ў памеры 50% да службовага акладу, —  працягнула галоўны лекар. —  Акрамя таго, у адпаведнасці з калектыўным дагаворам нашай паліклінікі пры прыёме на працу маладому спецыялісту адначасова выплачваюць грашовую дапамогу (5 базавых велічыняў). Таму, хто прыбыў па размеркаванні з рэгіёнаў, даем пад'ёмныя (больш за 1 млн руб.). Ды і апошнюю стыпендыю новаспечаныя спецыялісты атрымліваюць часцей за ўсё па новым месцы працы —  у паліклініцы (700-800 тыс. руб.). Ставім на чаргу на жыллё. 4 сям'і ўжо атрымалі ключы ад кватэр у новых інтэрнатах.


Прэферэнцыі ёсць і для тых, хто застаўся ў паліклініцы пасля адпрацоўкі, адна з іх —  кар'ерны рост. Так, лекара-неўролага, якая паступіла ў клінічную ардынатуру, прызначылі загадчыцай аддзяленнем. Нагадаем, некалькі гадоў таму было прынята рашэнне залічваць год інтэрнатуры як адпрацоўку па размеркаванні. Яшчэ год адпрацоўкі, і малады спецыяліст можа атрымаць другую кваліфікацыйную катэгорыю, што дае прыбаўку да зарплаты і магчымасць кар'ернага росту. Калі застанецца ў дзяржаўнай ахове здароўя.


Але калі з лекарамі сітуацыя яшчэ прымальныя, то з маладымі спецыялістамі з сярэдняй медыцынскай адукацыяй складаней.


—  Узялі шэсць чалавек: двух медсёстраў, траіх фельчараў-акушэраў, аднаго фельчара-лабаранта. Асабіста ездзіла на размеркаванне ў медкаледж, угаворвала, —  не хавае Святлана Іванаўна. — Тым не менш укамплектаванасць кадрамі па сярэднім медперсаналу застаецца ў нас невысокая  —  66%. У калегаў тыя ж праблемы.


Аднак прасвет ёсць: у гэтым годзе ў Міжнародны дзень медсястры (адзначаюць 12 мая) запрасілі школьнікаў, распавялі ім што ды як. Семярых зацікавілі: выдалі ім мэтавыя накіраванні на паступленне ў медкаледж. Атрымаюць дыплом —  прыйдуць працаваць.

minsknews.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: