У Віцебску пададзеная заяўка на пікет у падтрымку будаўніцтва паліклінікі ў Білева

У Віцебску 18 чэрвеня пададзеная заяўка на правядзенне пікету ў падтрымку будаўніцтва паліклінічнага комплексу ў мікрараёнах Білева.



bilieva.jpg

Заяўленая мэта пікету – прыцягненне ўвагі да праблемы мікрараёнаў Білева, у тым ліку адсутнасці паліклінікі, паведаміла каардынатар аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя" Таццяна Севярынец.
Яна таксама адзначыла, што на дадзены момант у падтрымку будаўніцтва паліклінічнага комплексу ў межах распачатай у траўні кампаніі "За якасную медыцыну для ўсіх" ужо сабрана 4090 подпісаў.
Нагадаем, што ў Віцебску ў жылых мікрараёнах Білева-1, Білева-2 і Білева-3 існуе вялікая патрэба ў пабудове паліклінічнага комплексу. Жыхары мікрараёнаў, якіх налічваецца каля 20 тыс. чалавек, вымушаныя ездзіць у паліклінікі ў іншыя часткі гораду. Пры гэтым бліжэйшыя паліклінікі вельмі перагружаныя, а грамадскі транспарт ходзіць з праблемамі.
bchd.info