У заказніку «Налібоцкі» чакаюць першае патомства выгадаваных у няволі глушцоў
У Налібоцкай пушчы, што ў 60 км ад Мінска, завяршаюцца працы па стварэнню гадавальніка па вырошчванню глушцоў заходнееўрапейскага падвіда (Tetrao urogallus major). З яго дапамогай плануецца адрадзіць папуляцыю рэдкіх птушак і апрабаваць новую для нашай краіны тэхналогію камерцыялізацыі біялагічных рэсурсаў.
Фотаздымак «Глушэц звычайны» з фотакалекцыі Віктара Казлоўскага «У краі Налібоцкай пушчы» (2010 г.)
Міжнародны праект «Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да “зялёнай” эканомікі», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН, вылучыў на гэтыя мэты Рэспубліканскаму ландшафтнаму заказніку «Налібоцкі» каля 110 000 еўра. Яшчэ 1,135 млрд рублёў было накіравана з дзяржбюджэту. На гэтыя грошы прыродаахоўная ўстанова павінна пабудаваць будынак гадавальніка, абгарадзіць 12 вальераў, падвесці ваду, каналізацыю, электрычнасць, закупіць інкубатары, цеплавізары, абсталяванне для лоўлі і назірання за птушкамі, а таксама стварыць экалагічны клас, дзе будуць займацца вучні школ Валожынскага, Іўеўскага, Стаўбцоўскага і Наваградскага раёнаў.
Упадабаныя месцажыхарствы глушцоў. Фота Генадзя Міндліна
Што з запланаванага ўжо зроблена, карэспандэнту Зялёнага партала падрабязна распавёў супрацоўнік Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Налібоцкі» Андрэй Рудчанка:
— На дадзеным этапе ўведзены ў эксплуатацыю першы пускавы комплекс. Адна самка глушца адлоўлена і паселена ў вальеры. Цяпер працягваем актыўна адлоўліваць самцоў і самак для стварэння маткавага пагалоўя. У хуткім часе прыступім да збору яек глушца. Акрамя таго, зараз знаходзімся на стадыі ўнутраных і знешніх аздабленчых прац, будуем адміністрацыйны будынак і ўсталёўваем інкубатары за кошт ПРААН.
Першая генерацыя патомства глушцоў чакаецца прыкладна праз 2 месяцы, калі гадавальнік паўнавартасна запрацуе і будзе цалкам пастаўлена абсталяванне.
Глушцоў будуць адлоўліваць з дапамогай адмысловых пастак, прымацаваных на штучных галечніках. Тады ж працягнецца і актыўны пошук яек:
— Зараз напісалі ліст у Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, каб дазволілі адбіраць яйкі на тэрыторыі нашага заказніка і іншых, дзе ёсць папуляцыя заходнееўрапейскага глушца, — расказвае Андрэй Рудчанка.
Супрацоўнікі прыродаахоўнай установы спецыяльна вывучалі вопыт Польшчы, Літвы і Германіі. Было вырашана камбінаваць метад інкубацыі яек з іх наседжваннем самкамі ў няволі.
— Надоечы да нас прыязджала польская дэлегацыя. Калегі дзяліліся вопытам, дэманстравалі фільмы пра развядзенне глушцоў, зробленую імі пастку, з дапамогай якой адлоўліваюць птушак. Палякі ўжо рэалізавалі падобны праект. Дарэчы, навуковы супрацоўнік Навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навукТаццяна Паўлюшчыкяшчэ раней даследавала гэтую тэму і спрабавала стварыць гадавальнік на базе Бярэзінскага біясфернага запаведніка, — зазначае суразмоўца. Па яго словах, у запаведніку яшчэ ў мінулым стагоддзі былі распрацаваныя метады ўтрымання, кармлення і гадоўлі глушцоў у штучных умовах.
Польскі гадавальнік па вырошчванню глушцоў. Фота Zenon Rzońca
У мінулым годзе папуляцыя заходнееўрапейскіх птушак у Налібоцкай пушчы налічвала каля 130-150 асобінаў. Але гэта лічба паступова змяняецца:
— Зараз мы назіраем тэндэнцыю ўзросту колькасці папуляцыі глушца, яна паволі адраджаецца. Звязаць гэта можна з адсутнасцю дзікоў. Але, нягледзячы на тое, што паказчык у заказніку трохі рушыў у плюс, агульная сітуацыя ў краіне несуцяшальная: колькасць глушцоў заходнееўрапейскага падвіда скарачаецца. Падчас свайго візіту польскія калегі выказалі меркаванне, што прычына ў нашых досыць мяккіх зімах і змяншэнні снежнага покрыва. Зімой птушкі начуюць у снезе, закопваючыся ў яго і хаваючыся такім чынам ад драпежнікаў. А пры адсутнасці снежнага покрыва глушэц становіцца лёгкай здабычай.
Застаецца спадзявацца, што сёлетні сакавік са сваімі завірухамі і снегападамі хоць крыху паўплывае на гэтае становішча.
Глушыца знесла яйкі ў польскім гадавальніку. Фота Zenon Rzońca
Супрацоўнік заказніка звярнуў увагу і на тую акалічнасць, што глушцы моцна прывязаныя да адных і тых жа месцаў такавання, вядуць аселы лад жыцця. Ці не паўплывае гэта на акліматызацыю птушак у гадавальніку, не стане галоўнай праблемай?
— Каб паспрыяць лепшаму ўладкаванню глушцоў, мы стараемся адлоўліваць птушак непадалёк. Тут каля 12 такуючых самцоў, — распавядае Андрэй Рудчанка. — Безумоўна, без праблем ніяк. Тая ж польская дылегацыя расказвала, і Таццяна Паўлюшчык пацвердзіла, што галоўная праблема ўсё ж у самой гадоўлі ў няволі: вельмі цяжка падабраць рацыён кармоў, стварыць спрыяльныя ўмовы ў вальеры, набліжаныя да натуральных, і г.д. Нельга разлічваць, што самка адразу пачне несці яйкі. Уявіце: дзікую птушку выхапілі з яе звыклага асяроддзя і пасадзілі ў клетку. Але, натуральна, мы стараемся, робім лясны подсціл, пяском высыпаем падлогу, выкладваем мохам, выстаўляем і сасёнкі, і ялінкі, выстаўляем тыя ж сукі, каб квактуха адчувала сябе ў максімальна рэальных умовах.
Астаецца толькі спадзявацца, што руплівыя намаганні супрацоўнікаў заказніка «Налібоцкі» дадуць паспяховы плён, а папуляцыя неверагодна прыгожага заходнееўрапейскага глушца будзе істотна павялічана.