У ЗША ідзе кампанія ў падтрымку Пачобута

Колькасць жыхароў Амерыкі, праінфармаваных пра пераслед беларускага журналіста, дасягае пятай часткі насельніцтва Беларусі.



2.jpg

Так ацэньваюць маштаб зробленага на сённяшні момант арганізатары інфармацыйнай кампаніі ў ЗША — актывісты Big Open World Foundation.

«Звесткі пра чарговы пераслед журналістаў у Беларусі па часе супалі з падзеямі першачарговай важнасці для жыхароў Амерыкі. Разумеючы, што па значнасці для амерыканцаў тое, што адбываецца ў Беларусі, не можа канкураваць з выбарамі ў ЗША і ўраганамі на Атлантычным узбярэжжы, мы, тым не менш, распачалі кампанію па інфармаванні насельніцтва ЗША пра пераслед беларускімі ўладамі Андрэя Пачобута», — гаворыцца ў паведамленні, якое ГА «БАЖ» атрымала ад арганізатараў.

Па іх словах, «рэакцыя натхняе».

Амерыканскі PEN, які разам з Amnesty International выступаў з заявай пасля суда над Пачобутам, накіраваў інфармацыю пра новую справу супраць журналіста ў штаб-кватэру Міжнароднага PEN у Лондане. У падтрымку журналіста выступілі рускамоўныя літаратары, акцёры, мастакі Амерыкі. Звароты разасланыя ў культурніцкія цэнтры нацыянальных дыяспар. Інфармацыя з’яўляецца на форумах. Найбуйнейшыя ў ЗША рускамоўныя штотыднёвікі «Русский базар» і «Русская реклама» з больш як мільённай аўдыторыяй апублікавалі зварот ГА «БАЖ» з заклікам падтрымаць беларускага калегу. Выкладчыкі і студэнты Калумбійскага ўніверсітэта наладзілі абмен інфармацыяй пра пераслед Пачобута.

«Выбары і ўраганы прайшлі. Рух у абарону Андрэя Пачобута працягвае працаваць. Рыхтуюцца новыя акцыі. Любыя пасягальніцтвы на права абмежаваць свабоду выказвання не пройдуць незаўважанымі для сусветнай грамадскасці, — пішуць арганізатары кампаніі ў ЗША. — Беларускія ўлады маюць шанец канчаткова сапсаваць свой імідж у вачах тых былых суайчыннікаў, у каго яшчэ заставаліся ілюзіі адносна ўнутранай абстаноўкі ў Рэспубліцы Беларусь...»

Нагадаем:

21 лістапада скончыцца чарговы тэрмін следства па крымінальнай справе Андрэя Пачобута. Калі расследаванне не працягнуць, справа можа быць перададзена ў суд.

Карэспандэнта польскай «Gazety Wyborczej», сябра БАЖ абвінавачваюць у парушэнні ч. 2 арт. 367 КК РБ «Паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Справу завяло ўпраўленне Следчага камітэту па Гродзенскай вобласці ў чэрвені 2012 года на падставе шэрагу публікацый журналіста ў інтэрнэце.

21 чэрвеня ў яго кватэры ў Гродна адбыўся ператрус, у выніку якога ў журналіста забралі аргтэхніку. Да 30 чэрвеня журналіст прасядзеў у гродзенскім СІЗА, пасля чаго быў адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе.

Паводле Крымінальнага кодэксу Беларусі, журналіста могуць пакараць абмежаваннем волі на тэрмін да 5 гадоў альбо пазбаўленнем волі на такі ж тэрмін.

Да гэтага тэрміну можа дадацца трохгадовы тэрмін зняволення, на які Пачобут быў асуджаны 5 ліпеня 2011 года з адтэрміноўкай выканання прысуду на 2 гады. Тады журналіста таксама прызналі вінаватым у парушэнні арт. 367 ч. 1 (паклёп на прэзідэнта). Па законе, калі на працягу двух гадоў асуджаны здзейсніць парушэнне гэтага ж артыкулу закона, то пакаранне абавязкова будзе ўжыта супраць яго.

Прэс-служба ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»