Участковы прызнаўся, што пісаў пратакол са словаў невядомага ў балаклаве
«Нашай Ніве» стала вядомая гісторыя жыхара Баранавіч Дзмітрыя Лянько, якога затрымалі ў сваім горадзе 10 жніўня.
Ён прайшоў праз пабоі ў СІЗА, хлуслівы пратакол, пяціхвілінны суд, але здолеў даказаць, што пратакол на яго сфабрыкавалі. У выніку міліцыянер прызнаўся, што пісаў яго не сам.
Вось што расказвае Дзмітрый.
«10 жніўня я сядзеў у машыне ў таварышам і ягонай жонкай у ціхім завулку блізка да цэнтра горада. Было каля 20 гадзін, у прынцыпе, нічога не адбывалася. Але тут прыехаў аўтобус з «касманаўтамі», яны адтуль выбеглі і пачалі хапаць нейкіх адвольных людзей. Мы ўключылі камеру, бо сітуацыя для нас незвычайная, пачалі ад'язджаць, як тут яны крыкнулі «хапай іх». Да нашай машыны падскочылі людзі ў масках, адкрылі дзверы, нас затрымалі і павезлі ў СІЗА.
Там нас збівалі, там жа і судзілі — прыехала на трэція суткі суддзя Кацярына Груда і дала 7 сутак. Падставай стаў пратакол, дзе напісана, што я кідаўся на міліцыю, крычаў і гэтак далей. Але гэта ўсё няпраўда — у мяне было відэа, дзе ўсё разборліва відаць.
Вядома, дастаць гэтае відэа і падрыхтавацца да суда мне не далі.
Потым з СІЗА выпусцілі — хачу падкрэсліць — такім дзіўным чынам: перад выхадам усіх распраналі і прасілі «круціцца». Тых, што без пабояў — выпускалі праз галоўны выхад, бо там дзяжурылі валанцёры і здымалі пабоі. А другіх, з пабоямі, садзілі ў аўтазак і выкідвалі каго дзе, возячы па горадзе і прыгарадзе. Каб, на іх думку, было цяжэй даказаць, дзе атрыманы пабоі.
Віна цалкам пацверджана пісьмовымі матэрыяламі»: рассудзіла суддзя Кацярына Груда
Словам, калі я выйшаў, то вырашыў гэта не пакідаць, а паехаў з апеляцыяй у Брэст. Там першае рашэнне суда адмянілі, убачыўшы відэа з абставінамі затрымання, якое супярэчыць усяму, што напісана ў пратаколе.
Гэтае відэа далучылі да справы, быў пераразгляд з іншым суддзёй у Баранавічах, выступаў той самы лейтэнант Папчэня, які нібыта мяне затрымліваў.
Суддзя Аксана Копач праглядзела відэа. Папчэня знайшоў у сабе мужнасць прызнацца, што ўсё было не так.
Быў прыкладна такі дыялог, суд пытаўся:
— Вы гэтага чалавека ведаеце?
— Я яго ўбачыў у СІЗА.
— Дык гэта вы затрымлівалі? Ваш подпіс стаіць.
— Я напісаў пратакол са словаў невядомых супрацоўнікаў, якія былі ў СІЗА. Я не ведаю, хто яны, бо былі ў балаклавах, імёны назваць не магу.
Канечне, суддзя была ў шоку. Скончылася ўсё тым, што мяне прызналі невінаватым, бо віна не даказаная», — расказаў Дзмітрый.
Гэтае паседжанне адбылося 3 лістапада.
«Не сумняюся, што справядлівы суд чакае ўсіх», — так ён каментуе сваю гісторыю.