Учора ў Новай Баравой збілі і затрымалі Віктара Мароза
Як паведамілі «Нашай Ніве» блізкія Віктара Мароза, станам на раніцу 6 студзеня ён знаходзіўся ў Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі.
«Спачатку быў у дыягнастычным аддзяленні, цяпер пераведзены ў хірургічнае. Здолеў звязацца з жонкай, мы спрабавалі прайсці ўнутр — нельга, бо каранцін. У яго праблемы з шыяй, моцныя ваніты, страсенне мозгу», — паведамілі «Нашай Ніве» сябры Віктара.
Час, у які Мароз прыбыў у бальніцу, невядомы. Яшчэ ў 1:20 ён быў у міліцыі, куды званілі яго бацькі, а ўжо раніцай выйшаў на сувязь з бальніцы.
Ягоныя сваякі пацвердзілі Свабодзе, што гэта адзін з колішніх фігурантаў рэзананснай «справы Белага легіёну» («справы патрыётаў»). У 2017 годзе Віктар Мароз правёў 102 дні за кратамі за нібыта падрыхтоўку да масавых беспарадкаў.