«Ударылі па твары, я ўпала з канапы». З’явіліся падрабязнасці аблавы ў мінскай арт-прасторы Hide
Уначы на 6 лістапада сілавікі прыйшлі на вечарынку мінскай арт-прасторы Hide і затрымалі аднаго з гасцей, распавялі «М*дыязоне» супрацоўнікі пляцоўкі. Цяпер становяцца вядомымі падрабязнасці здарэння.
Паводле слоў аднаго з відавочцаў,
узброеныя сілавікі ўварваліся на вечарынку каля трох гадзін ночы і загадалі
прысутным легчы тварам у падлогу.
«Больш за ўсё я ашалеў ад таго, што
яны ўсе былі са зброяй. Вось гэта было вельмі страшна. Хто не клаўся, таго
пі*дзілі. У майго знаёмага каля носа і на барадзе парэз. Хто паднімаў галаву,
іх адразу апускалі. Кагосьці нагой, кагосьці па рэбрах маглі ламануць.
Стаўленне было максімальна жудаснае», — распавёў ён.
Наведвальнікаў і супрацоўнікаў
Hide, якія ляжалі на падлозе, абнюхаў міліцэйскі сабака, распавёў відавочца.
«Хадзіў чувак з вялікім пакетам, у
ім нешта белае як у капсулах было. Амаль адразу, як сабака мінаў, людзей
пачыналі аглядаць. Агляд адзення, тэлефона, заходзілі ў тэлеграм, у фота. Былі
дзяўчаты, якія вельмі жорстка гарлапанілі і спрабавалі адстойваць свае правы»,
— успамінае ён.
«Н*ша Ніва» таксама даведалася
падрабязнасці здарэння.
«У 2:30 уварваўся АМАП, паклаў нас тварам у падлогу. Я была на другім паверсе, нас абнюхаў сабака. Дзяўчатам дазволілі сесці на канапу, я сядзела і пыталася, чаму нас да гэтага часу ўтрымліваюць, калі ў нас нічога няма. Прасіла паказаць пасведчанне, за што мяне ўдарылі па твары, я ўпала з канапы. Мне сказалі: «Дах*я разумная? Тады ляжы». Я ляжала на падлозе, мне выломлівалі рукі, нам не давалі хадзіць у туалет. Калі, нарэшце, пусцілі, мяне абшукалі аж да трусоў, лазілі ў тэлефоне. Адпусцілі мяне каля 5 раніцы, у клубе заставалася яшчэ шмат людзей, я не ведаю, ці забралі каго. Але гэта было жорстка», — распавяла відавочца.
Уначы на 6 лістапада сілавікі
на вечарынцы мінскай арт-прасторы Hide затрымалі аднаго з гасцей.