Удзельніку акцыі за незалежнасць патрэбна дапамога ў аплаце штрафа

Грамадскі актывіст Яўген Батура збірае грошы, каб аплаціць штраф, які атрымаў за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі Беларусі і Расіі ў снежні мінулага года.

Яўген Батура

Яўген Батура

Актывіст не змог дамагчыся адмены прысуда і цягам месяца мусіць сплаціць дзяржаве 50 базавых велічынь — 1350 беларускіх рублёў. Самастойна выплаціць такую суму Яўген Батура не можа, таму арганізаваў збор сродкаў на платформе MOLAMOLA.
«Нядаўна нада мной павісла вялікая кантрыбуцыя за ўдзел у акцыі ў абарону незалежнасці Беларусі, якая адбылася яшчэ ў снежні 2019 года. Я доўга спрабаваў дамагчыся справядлівасці, але вынік застаўся тым жа самым — адстойванне незалежнасці каштавала мне 1350 рублёў. Адзін, без дапамогі я не спраўлюся, таму прашу вас дапамагчы мне сабраць неабходную суму», — піша актывіст.
Са свайго боку за ахвяраванні ён прапануе аказаць паслугі перавозчыка на сваім аўто ў Мінску і ваколіцах. Для гэтага Яўген Батура просіць звязацца з ім праз фэйсбук альбо электронную пошту bat28709@gmail.com.
Нагадаем, 9 студзеня суддзя Цэнтральнага суда Мінска Юлія Густыр аштрафавала Яўгена Батуру на 50 базавых велічыняў за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі Беларусі і Расіі 20 снежня 2019 года. У судзе Яўген прадаставіў юрыдычныя доказы таго, што права на мірныя сходы гарантавана грамадзяніну Беларусі Канстытуцыяй, беларускім і міжнародным заканадаўствам. Але суддзя пакарала актывіста штрафам у 50 базавых велічынь. Яўген абскардзіў гэтую пастанову ў Мінскім гарадскім судзе 11 лютага. Суддзя Максім Лапко, які адпачатку вёў пасяджэнне на беларускай мове, выслухаўшы тлумачэнні Батуры, прыняў рашэнне пастанову Цэнтральнага суда адмяніць і накіраваць справу да іншага суддзі.
Аднак у гэты ж дзень на актывіста быў складзены новы пратакол за ўдзел у акцыі 20 снежня, і суддзя Цэнтральнага суда Мінска Іван Касцян 18 лютага зноў прысудзіў Батуру да 50 базавых штрафа. Яўген зноў падаў скаргу на гэтае рашэнне ў Мінгарсуд, але 2 красавіка яму прыйшоў адказ, што штраф застаецца ў сіле.
Цяпер Яўген Батура рыхтуе скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека.