Угодкі Каліноўскага са снегам ды затрыманнямі
У Свіслачы 28 кастрычніка прайшоў традыцыйны фэст, прысвечаны братам Каліноўскім і паўстанцам 1863 года.
Па словах арганізатараў, гэта падрыхтоўка да шырокага святкавання 150-годдзя паўстання ў наступным годзе, з нагоды чаго створаны адмысловы аргкамітэт.
Паломніцтва да Каліноўскага мелася прайсці па традыцыйных мясцінах. Свіслач: магіла Віктара Каліноўскага, помнік Кастусю Каліноўскаму, "Алея герояў" з манументам Рамуальду Траўгуту,
апошняму кіраўніку паўстання. Пасля — фальварак Якушоўка, дзе захаваліся падмуркі сядзібы сям'і Каліноўскіх ды ўсталяваны памятны крыж.
Аднак яшчэ ў Свіслачы пачаліся затрыманні: пад удар патрапілі актывісты, якія трымалі нацыянальныя сцягі. Незаўважна для большасці раптам знік гродзенскі актывіст Віталь Лопасаў, пасля студэнт
Алесь Крот ды Станіслава Гусакова (грамадзянка РФ) з Віцебску, сябар Руху "За Свабоду" і партыі БНФ Вітольд Ашурак з Бярозаўкі. Кагосьці наўпрост дасталі з машыны на выездзе з
Якушоўкі...
Пасля таго, як стала вядома аб затрыманнях, некалькі дзясяткаў чалавек, удзельнікаў ушанавання, адправіліся да Свіслацкага РАУСа. Два падпалкоўнікі запэўнілі натоўп, што актывістаў выпусцяць:
"Чым хутчэй разыдзецеся, тым хутчэй аформім паперы..."
У выніку выпусцілі толькі Віталя Лопасава. Ён яшчэ паспеў пад'ехаць на "Паўстанцкае вогнішча" ў Белавежскую пушчу, дзе яго разам з сябрамі чакаў сын.
Суд яшчэ над трыма актывістамі, якіх вінавацяць у парушэнні арт. 23.34 АК (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) мае адбыцца сёння, 29 кастрычніка. Пакуль яны знаходзяцца пад вартай.
t-styl.info