Уладальнікам сабак з 1 красавіка давядзецца плаціць яшчэ больш

З 1 красавіка вырасце падатак на ўтрыманне сабак, так вырашылі мінскія ўлады

imgl6491_logo_1.jpg

Мінскія ўлады анансавалі павелічэнне падатку на валоданне сабакамі. Адпаведныя змены ў Інструкцыю аб падатку заканадаўцы ўнеслі на 41-й сесіі Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў яшчэ 24 лютага, піша Myfin.

Таццяна Астрэйка, кіраўніца Галоўнага фінансавага ўпраўлення Мінгарвыканкама, патлумачыла, што падатак рэгулюецца Законам Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2022 г. «Аб змяненні законаў па пытаннях падаткаабкладання». Менавіта гэты закон унес змены ў Падатковы кодэкс, згодна з якімі стаўкі падатку за валоданне сабакамі будуць павялічаныя да 55,5 рубля — за пароды, якія ўключаныя ў пералік патэнцыйна небяспечных. У іншых выпадках падатак складзе 11,1 рубля.

Таццяна Астрэйка паспрабавала супакоіць мінчукоў, што на самай справе яны будуць плаціць меншую суму:

  • 37 рублёў за пароды, уключаныя ў пералік патэнцыйна небяспечных;
  • 11,1 рубля ў іншых выпадках.

Менавіта такія змены ўнеслі сталічныя дэпутаты ў закон. Прынятае рашэнне ўступіць у сілу праз месяц — з 1 красавіка 2023 года.


На гэты момант, паводле інфармацыі Міністэрства падаткаў і збораў, стаўкі на ўтрыманне сабак такія: 46,5 рубля (за пароды, уключаныя ў пералік патэнцыйна небяспечных) і 9,3 рубля (у іншых выпадках).

Пры гэтым органы мясцовай улады – Мінскі гарадскі савет дэпутатаў, мясцовыя саветы дэпутатаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню – маюць права памяншаць стаўкі падатку за валоданне сабакамі, хоць і не больш чым у 2 разы.

Так, цяпер жыхары Мінска за пароды, уключаныя ў пералік патэнцыйна небяспечных, абавязаныя выплачваць 32 рублі.

Падатак за валоданне сабакамі выплачваецца зыходзячы з колькасці сабак, зарэгістраваных на 1-ы дзень каляндарнага квартала, і не залежыць ад таго, колькі дзён у квартале сабака знаходзілася ў гэтай кватэры.

У шэрагу рэгіёнаў стаўкі падатку зніжаны для ўладальнікаў чыпаваных і стэрылізаваных сабак. Такая практыка ўжываецца ў дачыненні да ўладальнікаў сабак у Бабруйску, Магілёве, у Горацкім і іншых раёнах.

Адрозніваюцца па рэгіёнах і катэгорыі грамадзян, якія зусім вызваляюцца ад выплаты падатку за валоданне сабакамі.

У Мінску гэта:

  • інваліды па зроку, для якіх утрыманне сабакі-павадыра з'яўляецца жыццёвай неабходнасцю;
  • непрацуючыя пенсіянеры;
  • інваліды I і II групы пры адсутнасці рэгістрацыі па месцы іх жыхарства працаздольных чальцоў сям'і — за аднаго сабаку;
  • асобы, якія пражываюць у аднакватэрных, блакаваных жылых дамах, пры ўмове ўтрымання імі не больш за аднаго сабаку, у выпадку, калі сабака не выкарыстоўваецца ў прадпрымальніцкай дзейнасці.