Улады афіцыйна дазволілі мітрапаліту Кандрусевічу вярнуцца ў Беларусь

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч не мае перашкодаў для вяртання на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Апостальская Нунцыятура паведамляе, што 22 снежня атрымала інфармацыю пра гэта з кампетэнтных дзяржаўных органаў, піша Еўрарадыё.

arc3.jpg


"Нунцыятура выказвае падзяку Дзяржаўным уладам Рэспублікі Беларусь за станоўчы адказ на просьбу Папы Францішка адносна магчымасці вяртання арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча для цэлебрацыі ўрачыстасці Нараджэння Пана з вернікамі, пастырам якіх ён з’яўляецца", — сказана на сайце прадстаўніцтва каталіцкай царквы.
Такім чынам, арцыбіскуп Кандрусевіч мае намер прыехаць у Беларусь заўтра ці паслязаўтра, каб прыняць удзел у калядных набажэнствах.
Кандрусевіча нечакана не пусцілі ў Беларусь 31 жніўня. З таго часу кіраўнік беларускай каталіцкай царквы чацвёрты месяц жыве ў вымушанай эміграцыі. 74-гадовага сітрапаліта гэтая сітуацыя вельмі засмучала. Ён нават абвясціў, што ў найбліжэйшы час папросіць аб адстаўцы.