«Улады баяцца маштабных акцый пратэсту супраць акумулятарнага завода»

Мясцовыя ўлады забаранілі правядзенне чатырох акцыяў супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Брэстам.



Пратэсты супраць акумулятарнага завода. Фота: TUT.by

Пратэсты супраць акумулятарнага завода. Фота: TUT.by

На 9 снежня планаваліся дэманстрацыя „Заводу тут не месца” побач з будпляцоўкай, а таксама тры мітынгі „Берасцейцы супраць акумулятарнага завода”.

Адзін з заяўнікаў гэтых акцый праваабаронца Раман Кісляк паведаміў, што Берасцейскі райвыканкам у сваёй забароне дэманстрацыі спаслаўся на тое, нібы прамысловая пляцоўка не прызначаная для правядзення падобнага роду масавых мерапрыемстваў, піша са спасылкай на БелаПАН “Радыё Рацыя”.

Берасцейскі гарвыканкам не дазволіў тры мітынгі ў парку Воінаў-Інтэрнацыяналістаў. Яны намячаліся ў розны час на трох пляцоўках парку. Адзін быў забаронены на падставе таго, што на пляцоўцы ля сцэны, якая вызначаная мясцовай уладай для правядзення масавых мерапрыемстваў, праводзяцца рамонтныя работы. Другі мітынг, які планаваўся побач з гэтай пляцоўкай, улады не дазволілі, бо дадзенае месца не абсталяванае для правядзення масавых мерапрыемстваў. Адносна трэцяга мітынгу, які планаваўся на пляцоўцы побач з усталяваным на пастаменце бронетранспарцёрам, улады адказалі, што яна размешчаная каля праезнай часткі з інтэнсіўным рухам транспарту, і гэта абцяжарвае паўнавартаснае забеспячэнне бяспекі ўдзельнікаў мерапрыемства.

“Улады баяцца маштабных акцый пратэсту супраць акумулятарнага завода”, — заявіў праваабаронца. Ён нагадаў, што грамадская кампанія супраць гэтага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Берасці і Берасцейскім раёне 29 мітынгаў, 12 пікетаў і 3 дэманстрацый.

Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка мітынг „Брэстаўчанкі супраць свінцу”, на які сабралася каля дзвюх тысяч чалавек.

З 25 лютага бягучага года кожную нядзелю на плошчы Леніна ў Берасці збіраюцца праціўнікі будаўніцтва.

Паводле www.racyja.com