Улады Гродна пачулі жыхароў мікрараёна Альшанка

12 ліпеня ў СШ № 39 Гродна адбылася сустрэча ўладаў горада з жыхарамі мікрараёна Альшанка. Актывіст Сацыяльна-хрысціянскага руху Яўген Дудкін, які ініцыяваў кампанію за паляпшэнне ўмоў жыцця ў мікрараёне, распавёў пра яе вынікі.

Мікрараён Альшанка. Гродна

Мікрараён Альшанка. Гродна


Гэтак, улады ўзялі пад кантроль будаўніцтва школы. Праўда, для гэтага трэба перавесці грошы на залажэнне падмурка да студзеня 2018 года, а далей знайсці сродкі і закласці іх у бюджэт горада на 2018 год, каб пабудаваць школу да верасня. «Але ўзнікаюць некаторыя "але". Бюджэт негумовы. І ці хопіць вылучаных сродкаў? Са свайго боку, я прапанаваў ідэю дабрачынных канцэртаў і спартыўных мерапрыемстваў з сімвалічным унёскам, але удзелам усіх жыхароў, бізнесу, улады і валанцёраў. І зладзіць агульнае свята з карысцю і адпачынкам», — адзначыў актывіст.
Паводле яго, пачулі аб транспартнай праблеме і ў аўтобусным парку. «Старшыні гарвыканкама я таксама патлумачыў, што часова, да ўвядзення ў эксплуатацыю сваёй паліклінікі можна пусціць маршрут да мясакамбіната праз прыпынак "Абутковая фабрыка "Нёман", дзе побач дзіцячая паліклініка. Нас пачулі. Будуць думаць, як вырашыць», — распавёў ён.
Таксама ўдзельнікі сустрэчы сышліся ў меркаванні, што адной паліклінікі для Альшанкі хопіць, але з поўным наборам лекараў. Пытанне школьнага аўтобуса прапанавана падоўжыць да тых школ, дзе будуць вучыцца старшакласнікі, бо ў СШ 39 месцы вызваляцца для першаклашак. Яўген Дудкін таксама прапанаваў раніцай у аўтобусах паказваць ролікі правільных паводзінаў у транспарце, а не рэкламу.
Што тычыцца бескантактавага тралейбуса, то ўлады заявілі, што рыхтуюцца да эксплуатацыі. Жыхарам Альшанкі паабяцалі даць адказ пра час і планы. Падчас абмеркавання стварэння парку адпачынку мікрараёна актывіст прапанаваў стварыць ініцыятыўную групу і прыняць сумесныя меры па стварэнні парку Беларускай дзяржаўнасці ці культуры, «бо назвы вуліц самі кажуць за сябе, а на носе 100-годдзе ўтварэння БНР і БССР».«Далі даручэнне зверху вылучыць месца для рынку. А адкрыццё крам чакаюць пасля аўкцыёнаў, якія будуць праведзены пасля ўвядзення ў эксплуатацыю развязкі з мостам. Справа часу да новага года. Напэўна», - адзначыў прадстаўнік СХР.
Узялі ўлады горада і прапанову аб патруляванні мікрараёна ў вячэрні час. Акрамя таго, абмяркоўваліся планы будаўніцтва дарог, СТА і АЗС у Альшанцы. «Мне паведамілі, што дзверы намесніка па сацыяльнай працы заўсёды адкрытыя», — дадаў актывіст.
«Дзякуй жыхарам, што знайшлі час прыйсці, выслухаць бакі дыялогу, а можа і задаць пытанне. Гэта важна. Важна прагаварыць не толькі праблему, але і варыянт яе рашэння, зразумець аргументы, прапанаваць свой погляд. Так, гэта патрабуе вытрымкі. Але гэта вытрымка стала адной з галоўных прычын дыялогу і сустрэчных крокаў улады, напрыклад, старшыня гарвыканкама прапанаваў "стварыць парк не горш за Пышкі". Застаецца справа за намі: стварыць ініцыятыўную групу і разам з уладамі рэалізаваць. Чаму разам? Што зроблена сваімі рукамі больш цэніцца, працай мы даем прыклад падрастаючаму пакаленню — нашым дзецям, а за імі будучыня!» — падкрэсліў Яўген Дудкін.
Паводле прэс-рэліза Сацыяльна-хрысціянскага руха