Як выглядае першая стрыжка яўрэйскага хлопчыка? (ФОТА)

На першую стрыжку самага малодшага сына гродзенскага рабіна Іцхака Кофмана з’ехаліся госці з усёй Беларусі, была запрошаная ўся мясцовая абшчына. Мерапрыемства прайшло ў гродзенскай сінагозе ў нядзелю 9 ліпеня.

5_13_1.jpg


Згодна з яўрэйскім звычаем, хлопчыка ўпершыню стрыгуць толькі пасля таго, як яму споўніцца тры гады. У Беларусі гэтай традыцыі прытрымліваюцца рэлігійныя яўрэйскія сям’і, а ў Ізраілі гэта даволі распаўсюджаная практыка. 
Для сям’і Кофман стрыжка малодшага сына — вялікае свята. У гэты дзень Эліяў Пінхасу не толькі пачалі падстрыгаць доўгія валасы, але і ўпершыню пазнаёмілі з алфавітам. Згодна з традыцыяй у дзень, калі яўрэйскаму хлопчыку спаўняецца 3 гады, ён павінен чытаць літары алфавіту і злізваць мёд, каб у будучыні вучоба далася яму лёгка.


Пачалі стрыжку Эліяў бацькі, а пасля далучыліся ганаровыя госці — рабіны з іншых гарадоў Беларусі. Пасля нажніцы перадаваліся іншым гасцям. У асноўным валасы хлопчыку стрыглі мужчыны.
Ва іудаізме ўзрост 3-х гадоў — важная для хлопчыкаў мяжа, як вонкава, так і ў плане выхавання. Тора параўноўвае чалавека з палявым дрэвам. У пісаннi ёсць запаведзь, якая забараняе есцi плады першых трох гадоў пасля пасадкі. Таксама і дзіця да трох гадоў не гатовае да вучобы і выхавання. А з трох гадоў яго можна і трэба вучыць ды выхоўваць у духу Торы.
Hrodna.life