Улады Мінска адмовілі ў рэгістрацыі грамадскаму аб'яднанню «Новая Альтэрнатыва»

Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Мінгарвыканкама адмовіла ў дзяржаўнай рэгістрацыі грамадскага аб'яднання «Новая Альтэрнатыва». Пад такой назвай актывісты «Альтэрнатывы» планавалі атрымаць афіцыйную рэгістрацыю ў Беларусі.



alternatyva.jpg

Фота з сайта spring96.org

Як паведамляецца на сайце “Альтэрнатывы”, у адказе за подпісам намесніка начальніка ўпраўлення юстыцыі Аляксандра Маісеенкі, называецца прычына адмовы ў рэгістрацыі — неадпаведнасць назвы арганізацыі заяўленым мэтам і задачам.

У прыватнасці, адна з мэтаў культурна-асветніцкага грамадскага аб'яднання «Новая Альтэрнатыва» — «садзейнічанне стварэнню грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы на аснове свабодных рынкавых адносін, прыярытэту правоў чалавека, агульначалавечых каштоўнасцяў і плюралізму па ўсіх напрамках развіцця грамадства». Таксама чыноўнікі ўбачылі неадпаведнасць і ў адной з задач аб'яднання — «садзейнічанне стварэнню ўмоў для ўдзелу грамадзян у навуковай гуманітарнай, асветніцкай дзейнасці, у дзейнасці па ахове навакольнага асяроддзя і жывёльнага свету, а таксама ў іншай грамадскай дзейнасці».

Кіраўніцтва «Альтэрнатывы» плануе правесці ў бліжэйшы перыяд арганізацыйны з'езд, дзе будзе прынята калектыўнае рашэнне па далейшай дзейнасці ў Беларусі, напрамках работы, а таксама па пытанні дзяржаўнай рэгістрацыі аб'яднання ў органах юстыцыі. Акрамя гэтага будзе абмяркоўвацца мэтазгоднасць змянення статута, рэбрэндынгу, а таксама прававога статусу арганізацыі.

Нагадаем, ужо больш за 3 гадоў актывісты ажыццяўляюць сваю дзейнасць у Беларусі як прадстаўнікі зарэгістраванага у Латвійскай Рэспубліцы грамадскага аб'яднання «Альтэрнатыва».

spring96.org