Улады закрываюць Беларусь для беларусаў

Міжнароднае грамадскае аб'яднанне беларусаў свету «Бацькаўшчына» 3 снежня атрымала адказ на звароты ў Міністэрства замежных спраў Беларусі з нагоды магчымасці выдачы ўязных віз сябрам Вялікі рады арганізацыі Яўгену Вапу і Алене Глагоўскай.



8131fd27_c62f_4162_9424_e09b37269463_w268_r1.jpg

Ніна Шыдлоўская

Міжнароднае грамадскае аб'яднанне беларусаў свету «Бацькаўшчына» 3 снежня атрымала адказ на звароты ў Міністэрства замежных спраў Беларусі з нагоды магчымасці выдачы ўязных віз сябрам Вялікі рады арганізацыі Яўгену Вапу і Алене Глагоўскай.

Як паведамляе інфармацыйны цэнтр «Бацькаўшчыны», у лісце за подпісам намесніка міністра замежных спраў Алены Купчыной гаворыцца, што МЗС «разгледзеў звароты адносна выдачы ўязных віз грамадзянам Рэспублікі Польшча Я. Вапу і Л. Глагоўскай і паведамляе аб немагчымасці станоўчага вырашэння гэтага пытання».
 


Старшыні праўлення Радыё Рацыя і галоўнаму рэдактару тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва» Яўгену Вапу памежнікі без тлумачэння прычын анулявалі візу пры ўездзе ў Беларусь у траўні 2011 года. Некалькі разоў «Бацькаўшчына» дасылала звароты ў МЗС з просьбай патлумачыць прычыны анулявання візы, аднак у адказ атрымала толькі фармальную адпіску. У кастрычніку гэтага года «Бацькаўшчына» паўторна падрыхтавала неабходны для афармлення візы пакет дакументаў і адправіла зварот у МЗС з просьбай адкрыць Яўгену Вапу ўязную візу ў Беларусь. Аднак у лістападзе Яўген Вапа ў консульстве Беларусі ў Беластоку атрымаў пашпарт са штампам «адмоўлена».
 


Старшыні Беларускай культурнай супольнасці «Хатка» ў Гданьску Лене Глагоўскай без тлумачэння прычынаў было адмоўлена ў атрыманні беларускай візы ў кастрычніку сёлета ў беларускім консульстве ў Беластоку. Глагоўская збіралася прыехаць у Гродна для ўдзелу ў міжнароднай канферэнцыі «Людзі старажытнай Горадні», арганізаванай Таварыствам беларускай школы.
 


«Сітуацыя, на наш погляд, вельмі недарэчная і прыкрая, — каментуе агенцтву БелаПАН адказ МЗС старшыня Рады Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» Ніна Шыдлоўская. — Цяжка зразумець, чаму ў Беларусь, на этнічную радзіму, не пускаюць людзей, якія, жывучы за мяжой, не толькі не забываюцца пра свае карані і сваю Айчыну, але і прыкладаюць вельмі шмат намаганняў для папулярызацыі беларускай культуры ў Польшчы. Менавіта дзякуючы такім людзям, як Яўген Вапа і Лена Глагоўская, сёння можна казаць пра існаванне беларускай меншасці ў Польшчы. Безумоўна, нас вельмі турбуюць такія рашэнні беларускіх дзяржаўных органаў, асабліва ўлічваючы, што ў наступным годзе аб'яднанне «Бацькаўшчына» праводзіць Шосты з’езд беларусаў свету. Яўген Вапа і Лена Глагоўская — чальцы Вялікі рады «Бацькаўшчыны», знакавыя постаці для беларускай дыяспары, чыя прысутнасць на з’ездзе неабходная».

www.svaboda.org