Уладзімір Вялічкін і Віталь Казак затрыманыя ў Брэсце

Праваабаронца «Вясны» Уладзімір Вялічкін і актывіст Віталь Казак былі 16 лютага выкліканыя ў Ленінскі РАУС і з пастарунку ўжо не выйшлі. Супраць берасцейцаў распачалі адміністратыўны працэс за правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, абодва затрыманыя да суда, паведамляе Белсат.

Віталь Казак

Віталь Казак

Праз паўтары гадзіны знаходжання ў міліцыі Уладзімір Вялічкін быў затрыманы і адпраўлены ў берасцейскае ІЧУ, у панядзелак яго будуць судзіць.
Віталь Казак аказаўся ў ІЧУ праз тры гадзіны пасля таго, як з’явіўся ў міліцыі.
«Мяне няма за што затрымліваць, але ў міліцыі ўжо паабяцалі мне, што да панядзелка я застануся тут. Мушу пакласці слухаўку, гэта патрабуе супрацоўнік міліцыі», – адзінае, што паспеў сказаць Belsat.eu Віталь Казак.
Вядома, што адміністрацыйны працэс супраць Казака вядзе Зміцер Селяйковіч з РАУС Ленінскага раёну Брэста, сумна вядомы рэпрэсіямі супраць актывістаў і журналістаў.
Нагадаем, у мінулую нядзелю, 10 лютага, пасля традыцыйнага кармлення галубоў на цэнтральнай плошчы гораду берасцейцы моўчкі прайшлі па пешаходнай вуліцы Савецкай да кінатэатру «Беларусь» – такім чынам яны пратэставалі супраць запуску акумулятарнага заводу.
Каля кінатэатру па іх просьбе ўключылі кавер на песню «Жыць». У арганізацыі гэтага шэсця і абвінавацілі Вялічкіна ды Казака.
«Гэта чарговы ціск на праціўнікаў акумулятарнага заводу з боку ўлады. Што тычацца Уладзіміра Вялічкіна, то ён назіраў за ходам акцыі і не мог браць у ёй удзел. Гэта грубае парушэнне закону», – сказаў Belsat.eu праваабаронца Раман Кісляк.