Унікальны выпадак: Аўтара «Белсату» апраўдалі ў судзе
Суддзя Вячаслаў Елісеенка з суду Докшыцкага раёну Віцебскай вобласці закрыў справу «за недаказанасцю правапарушэння».
Суддзя Вячаслаў Елісеенка з суду Докшыцкага раёну Віцебскай вобласці закрыў справу «за недаказанасцю правапарушэння», паведамляе "Белсат".
У красавіку докшыцкія міліцыянты склалі на журналіста пратакол па частцы 2 артыкулу 22.9 КаАП («незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ») за рэпартаж для нашага каналу аб тым, як жыхары вёскі Варганы плацяць ад 40 да 60 рублёў за вываз не смецця. Матэрыял выйшаў у эфір 21 красавіка.
«Каментары дзвюх жанчын я запісаў яшчэ ўзімку. Яны распавялі мне пра праблемы з аплатай за вываз смецця. Але ў мяне не было карцінкі, я чакаў, калі гэтае смецце будуць вывозіць. Зрабіць гэта атрымалася толькі 5 красавіка. Яшчэ мне ўдалося запісаць трактарыста», — распавядае фрылансер.
«Міліцыянты дапыталі тых жанчын, яны пацвердзілі, што я быў у іх у лютым. Толькі адзін сведка, той трактарыст, даводзіў, што я здымаў 19 красавіка. Я яго двойчы запытаў, ці ён упэўнены ў гэтым. Ён пацвердзіў, што так, 19-га. І толькі калі на працэсе прагледзелі сюжэт, там было бачна, што гэта было 5-га, — кажа Зміцер Лупач. — Акрамя гэтага, 19 чысла я ў быў у іншым месцы. Карацей, атрымалася так, што суд мяне апраўдаў за недаказанасцю правапарушэння».
«Сведка настойваў на іншай даце. І я, дзякуючы парадзе майго адваката, на гэтым згуляў», — кажа Зміцер Лупач.
Падобны прэцэдэнт, калі адміністратыўную справу ў дачыненні да аўтара «Белсату» закрылі, аднойчы здарыўся толькі з Алесем Сілічам.
Артыкул аб «незаконным вырабе прадукцыі СМІ і працы без акрэдытацыі» — найбольш распаўсюджаны захад ціску на журналістаў і фрылансэраў, якія супрацоўнічаюць з каналам "Белсат".
Паводле «Рэпарцёраў без межаў», 94 % беларускіх журналістаў, якія трапляюць пад пераслед беларускіх уладаў, — менавіта аўтары "Белсату". З пачатку года супраць іх адбылося больш за 30 судовых працэсаў.