«Наша Ніва» больш друкавацца не будзе
Газета «Наша Ніва» спыняе рэгулярны выхад папяровай газеты. Пачытаць яе матэрыялы можна будзе толькі ў электроннай форме. Выходзіць апошні нумар газеты, цяпер НН будзе існаваць выключна як партал NN.BY.

Першы нумар газеты "Наша Ніва", 1906 год
«Наша Ніва» паказала ўсім прыклад, як адаптавацца да новай эпохі... У далейшым друкаванні яе не засталося практычнага сэнсу. Хоць, здаючы апошні выпуск, мы з настальгіяй і захапленнем разглядвалі нашы старыя першыя палосы", — напісала рэдакцыя «Нашай Нівы».
"Інтэрнэт — новая эпоха чалавецтва, настолькі ж прагрэсіўная ў параўнанні з паперай, як калісьці вынаходства Гутэнберга — проці рукапісных фаліянтаў", — лічаць у рэдакцыі "Нашай Нівы і дадаюць, што яны б "даўжэй трымаліся за папяровае выданне, калі б яму не было альтэрнатывы, калі б мы былі адзінай крыніцай інфармацыі для старэйшых, хто не мае доступу да інтэрнэту. Але ж ёсць якасныя, патрыятычныя «Народная воля», «Новы час», «Рэгіянальная газета», іншыя выданні".