ТРК «Мір» патлумачыла з'яўленне фота Максіма Мархалюка ў выдуманай гісторыі

Тэлерадыёкампанія "Мір" патлумачыла, як фота зніклага ў Беларусі малалетняга Максіма Мархалюка трапіла ў выдуманую гісторыю ў праграме "Справы сямейныя", паведамляе "Еўрарадыё".

marchaliuk_0806.png

У афіцыйным адказе ТРК "Мір" гаворыцца: "Праз халатнасць рэдактара ў праграме "Справы сямейныя" была прадэманстраваная фатаграфія зніклага без вестак Максіма Мархалюка з агульнадаступнай пошукавай сістэмы. Рэдактар, які дапусціў прафесійную і этычную памылку, звольнены". Тэлерадыёкампанія падкрэслівае, што вытворцам праграмы была не яна, а ТАА "Сістэма".

Праграма выйшла ў тэлеэфір 6 чэрвеня. Яе героямі стала сямейная пара, у якой мужа на працы нібыта абвінавацілі ў сэксуальных дамаганнях. Гэтая гісторыя быццам бы дайшла да жонкі, тады муж у якасці абароны стаў задаваць пытанні наконт яе паспяховай кар'еры. Мужчына абвінаваціў жонку ў нявернасці і заявіў, што яе начальнік з'яўляецца бацькам іх дзіцяці. Пры гэтым ён паказваў фота нейкага мужчыны і Максіма Мархалюка побач.

Хлопчыка, які знік некалькі месяцаў таму, апазналі гледачы перадачы. Дарэчы, відэа скандальнай перадачы ўжо выдаленае з Youtube.

Максім Мархалюк знік у Белавежскай пушчы ўвечары 16 верасня. Некалькі тыдняў яго шукалі міліцыя і валанцёры. Міліцыя не спыніла пошукі і дагэтуль.