Унікальны выпадак: у Брэсце міліцыі не ўдалося пакараць жанчыну за БЧБ-бялізну на балконе
У Брэсцкім абласным судзе 21 ліпеня разглядалася абскарджваньне рашэння раённага суду. 28 чэрвеня раённы суд спыніў «за недаказанасцю» справу паводле «народнага» артыкула 24.23 КаАП.

Ілюстрацыйнае фота
Але начальнік Ленінскага РАУС Брэста падаў скаргу на рашэнне суда першай інстанцыі. На яго думку, справа была расследавана неабъектыўна, і трэба адправіць яе ў раённы суд на новы разгляд, піша Беларускі партызан.
У скарзе службовая асоба паказала, што «ў сувязі з шырокай дасведчанасцю грамадзян аб пратэстным характары бел-чырвона-белай сімволікі», спалучэнне развешаных на балконе штор і пасцельнай бялізны было нібыта падабрана наўмысна.
Грамадзянка Зінчук у судзе тлумачыла, што раніцай 9 траўня проста занялася праннем. Пасцельную бялізну, шторы, цюлі вывесіла на балконе на 4-х вяроўках. На атрыманае спалучэнне колераў не звярнула ўвагі, тым больш, што шторы былі не чырвонымі, а цёмна-бардовымі. І наогул, ні яна, ні яе блізкія не прыцягваліся па артыкуле 23.34 і «нікуды не хадзілі».
Суддзя аблсуда Сянько Руслана Альбертаўна прыняла рашэнне: пастанову раённага суда ў дачыненні да Зінчук пакінуць без зменаў, а скаргу — без задавальнення.