«Упершыню з моманту затрымання надыхаўся паветрам». Адвакат просіць не вяртаць Кастусёва ў «амерыканку»

Адвакатка Рыгора Кастусёва Інэса Аленская будзе прасіць следства не вяртаць хворага з турэмнай бальніцы ў СІЗА.

3f221083c4c319fb2fc9186de5520637.jpg

«Я яго наведала ў аўторак, 6 ліпеня, і планую з ім сустрэцца яшчэ раз на наступным тыдні. Мною ўжо падрыхтаваны дакументы, у якіх утрымліваецца просьба аб тым, каб яго, у сувязі са станам здароўя, не вярталі ў СІЗА КДБ», — кажа адвакатка Інэса Аленская.

Інэса Аленская распавяла пра тое, якія праблемы са здароўем у Кастусёва.

«Яму стала дрэнна з сэрцам. Як расказаў мой падабаронны, першыя 17 дзён пасля затрымання ён спаў у камеры ў СІЗА КДБ на падлозе. Ён утрымліваўся ў трохмеснай камеры, дзе быў чацвёртым. Яму не было дзе спаць, таму размясцілі на падлозе», — распавяла адвакатка. Інэса Аленская сказала, што ў гэтай жа камеры тады ўтрымліваўся і Віктар Бабарыка.

Паводле яе слоў, лекары з турэмнай бальніцы, дзе цяпер утрымліваецца Кастусёў, павінны паставіць яму дыягназ.

«У панядзелак узялі аналізы. Праз 10 дзён яны павінны быць гатовыя. Паставяць дыягназ, прызначаць адпаведнае лячэнне», — адзначыла абаронца. Яна ўдакладніла, што аналізы ўзятыя не з нагоды COVID, а гаворка ідзе пра захворванне сардэчна-сасудзістай сістэмы.

Кастусёў пасля бальніцы не хоча вяртацца ў «амерыканку». «Мой падабаронны мне сказаў, што СІЗА на Валадарскага і "амерыканка" па ўмовах утрымання — гэта зямля і неба. На "Валадарцы" ў яго ў камеры адчыненае акно, і ён кажа, што нарэшце ўпершыню з моманту пасля затрымання надыхаўся паветрам», — адзначыла адвакатка.

Паводле belaruspartisan.by