Уратаваць шарагоўца Эрыка. Як ратавалі сабаку Насты Лойкі

Эрык — вялікі сабака, чыстакроўны дварняк, трохі падобны да аўчаркі. Раней ён жыў у прытулку. Так цягнулася да тае пары, пакуль за Эрыкам не прыйшла Наста Лойка. З ёй Эрык застаўся больш чым на пяць гадоў. І не расстаўся б, але аднойчы прыйшлі па Насту…

Фота з тг-канала «Тётя Ира разрешила»

Фота з тг-канала «Тётя Ира разрешила»

Цяпер Эрык жыве ў Чэхіі. А што адбывалася, пакуль ён туды трапіў, для тэлеграм-канала «Тётя Ира разрешила» расказалі людзі, што шукалі (і знайшлі) гадаванцу Насты Лойкі новы дом.

Эрык зашыфраваўся і стаў «ходскім сабакам»

Мясцовасць, дзе зараз жыве Эрык, называецца Ходска і знаходзіцца на памежжы з Баварыяй. Для тутэйшых жыхароў найважнейшаю справаю была абарона меж. Праз тое сімвалам рэгіёна стаў сабака мясцовага паходжання — ходскі сабака.

«Выглядае ён, як нямецкая аўчарка на кароткіх лапках. Карацей — выліты Эрык, — расказала Ганка Барадзіна, новая сяброўка сабакі Насты Лойка. — Ужо некалькі разоў нам казалі на вуліцы, што Эрык красаўчык і сапраўдны ходскі сабака».

Правы сабакі: інструкцыя ад Насты Лойка

Найбольш «перажывалі» пра адаптацыю Эрыка чэшскія сваякі Ганкі. Бо раптам ён не навучыцца гаўкаць па-чэшску і не паразумеецца з мясцовымі людзьмі і сабакамі. «Насамрэч, добра ўсе паразумеліся. Дапамагае пагладзіць, пакарміць і не парушаць правілаў сабачай ветлівасці», — кажа Ганка Барадзіна.

Наста Лойка пакінула для новых сяброў сабакі інструкцыю з пералікам карысных кніг і кантактаў спецыялістаў, што працавалі з Эрыкам. Найбольш уразіла Ганку тое, што ў інструкцыі быў раздзел «Правы сабакі».

«Там не напісана, якія ён каманды ведае, гэта не важна. Важна, што ў яго ёсць правы: права на сон, на адпачынак, на ежу, на дапамогу, на камунікацыю са сваімі сародзічамі, на справядлівы догляд — такі вось падыход. У гэтым уся Наста».

5ccf371539cf1ac2a4dfe.jpg

Сабака з праваабарончай «радаслоўнай»

Наста Лойка — праваабаронца. То і сяброўкі ў яе такія ж. Адна з іх — Марфа Рабкова. Менавіта яна і стала «хроснай» Эрыка, бо валанцёрыла ў прытулку, куды патрапіў сабака. Марфа часта публікавала на ўласных старонках у сацсетках здымкі сабак з прытулку. На адным з іх Наста Лойка пабачыла Эрыка і адразу вырашыла забраць.

«Прыязджаем мы ў прытулак, а там процьма сабачак, — расказвае сяброўка Насты, Ірына Арахоўская. — Яны ўсе такія мілыя — скачуць, прыгаюць. І толькі Эр сядзіць і глядзіць на нас з-пад броваў. Думаю: “Ну, яўна яна возьме каго заўгодна, але не гэтага сабаку”. Але Наста ўзяла менавіта яго. Вялізнага такога».

Валанцёры ў прытулку расказалі дзяўчатам гісторыю Эрыка. Яго знайшлі кінутым ля дарогі. Некалькі разоў спрабавалі прыстроіць у добрыя рукі, але новыя гаспадары кожны раз вярталі сабаку. Больш ніхто не хацеў яго браць. «Карацей, Эрык — супертраўмаваны сабачка. Невядома, што з ім рабілі ў дзяцінстве, ці калі забіралі, бо ён вельмі баіцца людзей», — расказала Ірына.

План «А», які рухнуў

«Наста з Эрыкам вельмі шмат займалася, — кажа Ірына Арахоўская. — Шмат кніжак прачытала, працавалі разам з кіналагіняй. Вельмі сур’ёзна падышла да справы».

У Ірыны таксама ёсць сабака, забраны з прытулку. Наладзіць з ім стасункі дапамагала Наста: «Яна казала, што праблемы з сабакамі не таму, што сабакі злыя, а таму, што ў нас няправільны падыход».

Летась Ірына мусіла пакінуць краіну. Клопат пра яе сабаку ўзяла на сябе Наста. «Яна зрабіла ўсе прышчэпкі, знайшла перавозчыка і сябра, які ехаў у Польшчу — ўсё арганізавала». Пакінуць без увагі сабаку Насты пасля такога было б немагчыма.

Да таго ж, Наста падрыхтавала для сяброў інструкцыі, як быць у выпадку, калі яе затрымаюць. «Там была і частка пра Эрыка, — расказала Ірына Арахоўская. — Мы загадзя абмеркавалі, калі і як трэба перавозіць Эрыка, у каго ён можа жыць. Але калі стала зразумела, што Наста не выйдзе і, магчыма, доўга, то увесь план абрушыўся. У многіх людзей на той час таксама змяніліся абставіны, і ўсё трэба было рабіць з пачатку».

8340461f86f79dae64a73.jpg

«Пашкадавала, што я не Эрык»

Самай вялікай праблемай было знайсці для Эрыка новае месца жыхарства. Аб’яву, што сабака шукае новых гаспадароў, Ірына размясціла ў сацсетках: «Не пісала, чый гэта сабака, але, напэўна, многія здагадаліся». Інфармацыю актыўна рэпосцілі, але прапанаваць патрэбную дапамогу амаль ніхто не мог. Бо ў асноўным пісалі тыя, хто самі нядаўна з’ехалі і пакуль не мелі ўмоў, каб трымаць вялікага сабаку. Часцей адгукаліся проста на эмоцыях, каб хоць цёплымі словамі падтрымаць. Пакуль аднаго для не прыйшло паведамленне з Чэхіі.

«Калі гэтыя людзі напісалі мне пра ўмовы, у якіх будзе жыць Эрык, я пашкадавала, што я не Эрык, — прызнавалася Ірына. — Там прыватны дом, побач ёсць лес, рэчка і поле. Я вельмі баялася, што яны адмовяцца ці нешта пойдзе не так, бо яны выглядалі найлепшымі кандыдатамі. І вельмі шчаслівая, што ўсё склалася».

Беларусь — Польшча — Чэхія

У Мінску Эрыку зрабілі ўсе патрэбныя прышчэпкі і знайшлі перавозку. Але — толькі ў Польшчу. Каб Эрык змог даехаць да Чэхіі, новая сяброўка сабакі, Ганка Барадзіна, сама прыехала па яго ў Варшаву.

«Эрык не быў джэнтльменам, — расказвае Ірына Арахоўская пра першую сустрэчу Ганкі з сабакам. — На першым сумесным шпацыры ён цапнуў Ганку за руку. Яна вельмі адважны чалавек — не спужалася і ўзяла сітуацыю ў свае рукі. Праз гадзіну Эрык ужо пайшоў да яе ў машыну, лёг на калені і ўсё было добра. Я проста здзівілася, як так атрымалася».

e175edab780ac2aa67625.jpg

«Справа не ў тым, што мы шукалі сабаку»

Ганка расказала, што допіс пра Эрыка яны з Янкам пабачылі ў сацсетках і спачатку прапанавалі сваю дапамогу, як план «Б» — спадзяваліся, што знойдзецца нехта бліжэй. «Але доўга ніхто не знаходзіўся, і мы вырашылі: калі можам быць планам «Б», то справімся і стаць планам «А».

Пра сабаку яны думалі ад таго часу, як некалькі гадоў таму Ганка пераехала ў Чэхію з Гродна. У Гродне ў яе таксама быў агульны з сяброўкай Вольгай Галецкай сабачка — Коска, якога таксама забралі з прытулку.

Пазней дзяўчаты раз’ехаліся з Гродна, і Коска выправілася з Воляй у Польшчу, а Ганка засталася без сабакі. Эрык стаў нагодай зноў займець гадаванца.

«Справа не ў тым, што мы шукалі сабаку. Гэта выпадак, калі рэальна можам дапамагчы. У нас тут проста санаторый дамашні для сабаки. Куды не пойдзеш — лес, возера, прырода — ідэальнае месца».

У любой незразумелай сітуацыі — чашы сабаку

Ужо з практыкі Ганка і Ян зразумелі, што Эрык вельмі любіць гуляць з тэніснымі мячыкамі і гатовы бегаць за імі хоць гадзіну запар. Яшчэ адзін улюбёны занятак — плаванне. Тое, што побач ёсць возера, стала для сабакі падарункам. Ян любіць хадзіць у пешыя паходы і ўжо складае планы, як яны з Эрыкам будуць падарожнічаць.

Знаходзіць агульную мову з сабакам дапамагае і досвед з гродзенскай Коскай: «Гэта — зусім іншы досвед, чым узяць шчанюка ад пачатку. Ведаю, якія памылкі мы рабілі, чаго можна было б не рабіць. І бачу, колькі сіл, любові, партнёрства Наста ўклала ў адносіны з Эрыкам, — расказвае Ганка. — Мы пазнаёміліся з ім у стрэсавай для яго сітуацыі. Але за той кароткі час, што мы адно аднаго ведаем, ужо ўсталяваўся давер. Сабачка такі мілы, часта прыходзіць абдымацца. А яшчэ ён проста абажае часацца. З ім перадалі тры шчоткі, і я вырашыла паспрабаваць. Гэта былі такія танцы! То цяпер у любой незразумелай сітуацыі — чашы сабаку».