Узнагарода «Рэпарцёры для рэпарцёраў» — фільму «Белсату» пра смяротнае пакаранне ў Беларусі
Дакументальны фільм «Найвышэйшая мера», які зняў для тэлеканалу «Белсат» рэжысёр-дакументаліст Сяргей Ісакаў у супрацы з Юліяй Хлашчанковай, узнагародзілі ў конкурсе «Рэпарцёры для рэпарцёраў» для журналістаў з дзяржаваў «Усходняга партнёрства». Конкурс другі год запар ладзіць польскі Фонд рэпарцёраў і Міністэрства замежных справаў Польшчы.
Юлія Хлашчанкова, суаўтарка фільму "Навышэйшая мера" пасля ўручэння ўзнагароды
На ўдзел у сёлетнім конкурсе даслалі 325 працаў, падрыхтаваных 142 аўтарамі з дзяржаваў «Усходняга партнёрства» — Беларусі, Украіны, Малдовы, Грузіі, Арменіі ды Азербайджану.
Журы выбрала ў фінале 12 працаў адзінаццаці аўтараў. З іх уганаравалі тры найлепшыя працы, сярод якіх фільм «Найвышэйшая мера». Журы побач з беларускімі журналістамі адзначыла артыкул армянскай журналісткі Марыяны Грыгар’ян пра рост колькасці абортаў, якія цяжарныя выконваюць самастойна.
Першае месца заняла ўкраінская журналістка Крысціна Бэрдынскіх за тэкст, прысвечаны ўкраінскім чыноўнікам-мільянерам, якія нягледзячы на багацце карыстаюцца сацыяльнаю дапамогаю, каб палепшыць здароўе.
Старшыня Фонду рэпарцёраў Войцех Цесьля сказаў на цырымоніі ўручэння ўзнагародаў, што «прафесійная і добрая журналістыка — гэта найлепшы мост паміж Захадам і Усходам, які толькі можна сабе ўявіць». Спадар Цесьля дадаў: «Мы ўзнагароджваем найлепшых журналістаў з дзяржаваў «Усходняга партнёрства».
Віцэ-міністр замежных справаў Польшчы Ежы Памяноўскі падкрэсліў ролю журналістаў у будаванні таго, што найважнейшае ў дэмакратыі, — грамадскай волі ды свядомасці. «Усе яны — абсалютна неад’емны элемент важнага для Еўропы працэсу пашырэння свабоды і дэмакратыі», — адзначыў дыпламат.
«Мы цэнім тых, хто займаецца следчаю і сацыяльнаю журналістыкаю, апісваюць справы, звязаныя з правамі чалавека, пільнуюць сумленнасць уладаў, захоўваюць прафесійныя стандарты. І якія, як і заснавальнікі Фонду, вераць, што журналістыка — гэта не толькі прафесія, але і місія», — напісалі арганізатары ў афіцыйным рэлізе.
«Усходняе партнёрства» — гэта праграма, якая вызначае ўсходняе вымярэнне палітыкі Еўрапейскага саюза ў межах еўрапейскай палітыкі добрасуседства і развівае дачыненні з шасцю дзяржавамі былога СССР. Праект ініцыявалі польскія дыпламаты пры падтрыманні Швецыі.