Ужо сёння, 1 лістапада: Экскурсія па менскіх могільніках
У Менску, з нагоды традыцыйных Дзядоў, адбудзецца роварная экскурсія з расповедам пра менскія могілкі: Кальварыю, Старажоўку, Залатую горку, Вайсковыя могілкі. Пачатак а 14.00.
«Дынама-Менск» гуляе супраць «БАТЭ» з Барысава ў матчы Чэмпіянату Беларусі па футболе 2014. Менск, стадыён «Трактар», пачатак а 14.00.
У Менску праводзіцца мерапрыемства пад назвай «ХХХV юбілейны зьезд Камуністычнай партыі Савецкага Саюзу», арганізаваны Саюзам камуністычных партый. Час правядзеньня мерапрыемства: ад 9.30 да 14.00. Месца: Беларускі дзяржаўны музэй гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Канцэрт гурта «S°unduk» у менскім Тэатры Эстрады. Пачатак а 19.00.
ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ
1937 — у Курапатах карнікі НКВД расстралялі 11 сьвятароў Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.
1987 — у Купалаўскім сквэры ў Менску прайшло адзначэньне Дзядоў, дзе ўпершыню шырока заявілі пра рэпрэсіі ў БССР.
1993 — уступіла ў сілу Маастрыхская дамова, якая паклала пачатак Эўрапейскаму Зьвязу.
У гэты дзень нарадзіліся:
1868 — Дзьмітры Даўгяла, беларускі археограф і гісторык.
1873 — Іван Замоцін, беларускі літаратуразнавец.
1912 — Янка Золак, беларускі паэт, пэдагог, грамадзкі дзеяч, выдавец на эміграцыі ў ЗША.
1915 — Міхась Кавыль, беларускі паэт, пэдагог, грамадзкі дзяяч у замежжы.
Упала ноч. Як эдэльвайсы‚ зоры
Цьвітуць над Альпамі. Аскепак-маладзік
У неба ўрэзаўся. Блакітнае на горы
Імжыць сьвятло. А ты ідзі‚ ідзі...
Якая ноч! Як у сьвятыні‚ ціха
І урачыста. На калені упадзі.
Вунь там агонь міргае... Шчасьце зь ліхам
Кладуцца спаць... А ты ідзі‚ ідзі...
Міхась Кавыль, фрагмэнт верша «Ідзі, ідзі».
1933 — беларускі пісьменьнік Вячаслаў Адамчык.
«Быў лiстапад, было сьвятога Мiхала — блiзiлася пара зiмы, а ў гэты год стаяла цяпло. Павярнуўшыся з полудня, павiльгатнеў вецер, памякчэла пад нагамi зямля, i крот стаў тачыць каля пустых, ужо зацягнутых, як раскаю, дробнаю макрыцаю градаў рудаватыя сырыя замежкi. У зацiшку за хатамi, каля чорных голых яблыняў, на якiх яшчэ трымаўся дзе збуцьвелы, але чырванаваты з аднаго боку яблык, вiлiся слупом, нейкiя большыя ў гэту пару, камары».
Вячаслаў Адамчык, пачатак рамана «Чужая бацькаўшчына».