V міжнародны фэст старых аўтамабіляў "Bosch рэтра Мінск-2012"

5 мая ў Мінску адкрыўся V міжнародны фэст старых аўтамабіляў "Bosch рэтра Мінск-2012".

Яго арганізатарам выступіла грамадскае аб’яднанне “АўтаАмерыка пры падтрымцы вядучага ў Еўропе вытворцы аўтазапчастак Bosch, шэрагу дзяржаўных і грамадскіх аб’яднанняў краіны, а таксама прыватнага прадпрыемства “DA!promo.



6a83c731660fcc9f14e1ce0b62d45eb9.jpg

5 мая ў Мінску адкрыўся V міжнародны фэст старых аўтамабіляў "Bosch рэтра Мінск-2012".
Яго арганізатарам выступіла грамадскае аб’яднанне “АўтаАмерыка пры падтрымцы вядучага ў Еўропе вытворцы аўтазапчастак Bosch, шэрагу дзяржаўных і грамадскіх аб’яднанняў краіны, а таксама прыватнага прадпрыемства “DA!promo.
Сярод мерапрыемстваў двухдзённага фэсту – парад машын па цэнтральных праспектах сталіцы, экспазіцыя аўтамабіляў на плошчы Перамогі, ускладанне вянкоў у гонар Дня Перамогі, дэманстрацыя аўтамашын каля Нацыянальнай бібліятэкі, Палаца спорту і гісторыка-культурнага комплексу “Лінія Сталіна, забаўляльныя праграмы, уручэнне дыпломаў пераможцам у 26 намінацыях і закрыццё фэсту. Дыпломамі будуць адзначаны, у тым ліку, самыя старыя і культавыя машыны сваёй эпохі, самы элегантны экіпаж, самы яркі і найлепш дагледжаны аўтамабіль, лепшыя жаночая, вялікая і адрэстаўраваная савецкая, амерыканская і еўрапейская машыны, а таксама лепшыя пазадарожнік, каляровая гама аўто і ручная праца фэсту.
Госці фэсту цікавіліся тэхнічнымі характарыстыкамі легкавікоў, іх гісторыяй і ўладальнікамі, фатаграфаваліся каля рарытэтных машын, а таксама слухалі музыку, якая даносілася з аўто і была папулярнай ў гады іх выпуску. Дарэчы, журы фэсту вызначыць пераможцаў у намінацыі “Лепшае музычнае афармленне.              
У інтэрв’ю карэспандэнту “Новага часу рэстаўратар старых машын Ілля Цімафееў з Латвіі распавёў, што ў фэсце прымаюць удзел каля 80 аўто з Беларусі, Латвіі, Літвы,Эстоніі, Расіі і Фінляндыі. Паводле ягоных слоў, павінны былі прыехаць рэстаўратары з Іркуцка (Расія), якія ўзнаўляюць старыя легкавікі японскай вытворчасці. Як адзначыў рэстаўратар, сёлета міжнародная тэхнічная камісія правяла вельмі жорсткі адбор удзельнікаў і на фэст былі дапушчаныя толькі якасна адрэстаўраваныя аўто розных марак, тыпаў і класаў, якім не менш за 30 год ад выпуску.


Кожная з прадстаўленых на фэсце аўтамашын з’яўляецца ўнікальнай, таму што мае сваю непаўторную гісторыю, адзначыў Цімафееў. Паводле ягоных слоў, сам працэс рэстаўрацыі старых машын мае шмат асаблівасцяў. “Так, даволі складана аднавіць храміраваныя дэталі аўто савецкай вытворчасці, якая выкарыстоўвала экалагічна небяспечны шасцівалентны хром. Паколькі гэтае злучэнне тугаплаўкага металу шкоднае для здароўя чалавека, сёння амаль нідзе не выкарыстоўваецца. Вельмі дорага каштуе храміраванне дэталяў машын савецкага аўтапрама, якія захаваліся ў Польшчы, - сказаў Цімафееў. Паводле ягоных слоў, на старых машынах амерыканскай вытворчасці прыходзіцца замяняць карбюратары, паколькі гэтыя легкавікі не прызначаныя для 76-га бензіну, які шырока выкарыстоўваецца ў аўто на постсавецкай прасторы. Акрамя таго, існуе вялікая праблема пошуку запчастак. Прычым, адзначыў рэстаўратар, некаторыя ўнікальныя дэталі, якія зараз нідзе не вырабляюцца, даводзіцца аднаўляць па чарцяжах, што каштуе вельмі дорага. “Так, для вырабу шэрагу запчастак для сваіх машын латышскія рэстаўратары карыстаюцца паслугамі заводаў і суднаверфаў Калінінграда.             
Паводле слоў спадара Цімафеева, фэст у Мінску ўжо стаў традыцыйным і будзе штогод праводзіцца ў сталіцы Беларусі напярэдадні Дня Перамогі.