Віртуальны дынаміт

«Няма такога народа, які я б не пасадзіў у Бастылію», — быццам бы так адказаў кардынал Рышэлье на заўвагу графа Рашфора пра тое, што аўтарам абразлівых куплетаў з’яўляецца народ.

Звычайна спецыяльныя службы рознымі спосабамі імкнуцца выявіць, пра што народ на самай справе думае і прамаўляе. Сёння ў Беларусі сацыялогія выкарыстоўваецца спецслужбамі ў якасці інструмента для правядзення «закрытых апытанняў».



280cf18baf4311c92aa5a042336587d3.jpg

«Няма такога народа, які я б не пасадзіў у Бастылію», — быццам бы так адказаў кардынал Рышэлье на заўвагу графа Рашфора пра тое, што аўтарам абразлівых куплетаў з’яўляецца народ.
Звычайна спецыяльныя службы рознымі спосабамі імкнуцца выявіць, пра што народ на самай справе думае і прамаўляе. Сёння ў Беларусі сацыялогія выкарыстоўваецца спецслужбамі ў якасці інструмента для правядзення «закрытых апытанняў».
Галоўная асаблівасць такой дэмаскапіі палягае ў тым, каб даць палітычнаму кіраўніцтву адэкватную карціну грамадскіх настрояў і меркаванняў, але атрымаць яе незаўважна ад самога грамадства. Вобразна кажучы, каб грамадства нават не здагадвалася, што яго думкі «пра начальства» на самай справе цікавяць начальства. Бо гэта можа выклікаць масавы сумнеў у самадастаковасці ўлады, што цягне за сабой пашырэнне пратэстных настрояў.
«Паліцэйская сацыялогія» дае наверх звесткі пра сапраўдныя настроі, а ўніз рэтрансліруе тое, што садзейнічае захаванню і ўмацаванню палітычнай сітуацыі. Прыкладам, беларусам распавядаюць пра высокія рэйтынгі адных і поўную адсутнасць рэйтынгаў у другіх палітыкаў. Ці пра тое, што з года ў год Лукашэнка па папулярнасці пераўзыходзіць усіх.
У цывілізаваным грамадстве функцыю самаідэнтыфікацыі, асабістай інтэграцыі і дэзынтэграцыі выконваюць дэмакратычныя дзяржаўныя інстытуты, свабодная прэса (бо розныя выданні належаць розным выдаўцам і існуюць ва ўмовах канкурэнцыі і прававой дзяржавы, дзе магчымасці ўрадавых структур мець сваю прэсу зведзеныя да мінімуму) і разнастайныя структуры грамадзянскай супольнасці, якія маюць устойлівы і высокі ўзровень аўтаноміі ад дзяржаўных структур.
У нас, зразумела, усё наадварот. Ёсць такія грамадскія арганізацыі, дзе ўсе служаць урадавымі агентамі ці прыслугоўваюць ім. Малая надзея і на дзяржаўную прэсу, якая імкнецца маніпуляваць намі, падказваючы, пра што мы павінны думаць і што рабіць.
Прыкладам, БелТА ў загадкавым каментары «У рай трапляюць не праз сацыяльныя сеткі і маўклівае стаянне на плошчах» (!?) раіць «сацыяльным рэвалюцыянерам» у гэтую цяжкую для беларускіх фінансаў часіну не пратэставаць, а пайсці ў лес, назбіраць чарніц ды прадаць. Маўляў, і сабе карысць, і ўладам палёгка.
Як глыбокадумна адзначае БелТА, сёлета, пры параўнальным з мінулым годам ураджаі, кілаграм гэтай каштоўнай ягады каштуе ў два-тры разы болей. І быццам бы справа не ў недахопе долараў, а ў тым, што людзі сталі болей даражыць сваёй працай. Што, мусіць, някепска, дадае каментатар.
Зразумела, някепска. Але ж у людзей і ўлады розныя магчымасці. Адны могуць толькі хацець, а іншыя — рабіць што хочуць. Як толькі беларусам падалося, што яны пачалі патроху багацець, улада адразу іх апусціла на грэшную зямлю, абясцэніўшы іх працу якраз у два-тры разы. А долар на самай справе ні пры чым — яго ў Амерыцы друкуюць.
Да таго ж, на думку каментатара, акрамя часовых фінансавых цяжкасцяў, на краіну навалілася страшэнная бяда. Да традыцыйных наркотыкаў (алкаголь, марыхуана, «калёсы»), якія карыстаюцца шырокай ці больш вузкай папулярнасцю сярод беларусаў, далучыўся і «всех затмил... интернет с его так называемыми социальными сетями». Маўляў, на віртуальную іголку падселі нядрэмныя маладзёны, што па начах, калі бацькі або бабулькі з дзядулькамі спяць, учыняюць вэрхал на розных інтэрнэт-форумах. Аўтар каментара называе іх «інтэрнэт-наркаманамі-крытыканамі», якія не разумеюць, што на самай справе выступаюць не супраць улады, а працуюць на разбурэнне дзяржавы.
Такім чынам, дэфініцыя зроблена намнога больш аб’ёмная, чым сумнавядомае калісьці сацыяльнае захворванне пад назвай млявай шызафрэніі, якой быццам бы хварэлі тыя, хто крытыкаваў савецкую ўладу. Такіх таксама саджалі ў турмы, а яшчэ ўладкоўвалі ў «псіхушкі», дзе медычнымі сродкамі прывівалі поўную палітычную лаяльнасць. На самай жа справе, шызафрэнікі-дысідэнты бэсцілі ўладу не за тое, што яна савецкая, а за тое, што не выконвае законаў, якія сама ж і прыняла. Дакладней, за тое, што ўлады жывуць «па панятках», а ўсіх астатніх змушаюць жыць па той частцы законаў, дзе не ўпамінаюцца правы, а выключна абавязкі «савецкага грамадзяніна».
Дысідэнтаў лекавалі ў псіхушках, бо хвароба была хоць і ўяўнай, але заразнай. Таму баяліся эпідэміі да таго самага часу, пакуль «шызафрэнікамі» не стала абсалютная большасць савецкіх людзей. А як выйшлі яны на плошчы, тут і надышоў капец і ўладзе, і дзяржаве.
Час ад часу кожнаму прыходзіцца змушана кантактаваць з людзьмі, пра якіх дрэнна думаеш, і яны пра тое ведаюць, але ўсё роўна лезуць да цябе з абдымкамі. Гэта вельмі непрыемна. Потым месца сабе не знаходзіш ад гідоты, што не хапае смеласці сказаць нахабніку праўду ў твар. Спытацца, як некалі хлопчык Сярожа з аднайменнага фільма: «Дзядзя Федзя, ты дурань?»
Інтэрнэт дае такую магчымасць самым баязлівым.
Вось таму ўлады так баяцца «сеціва». Яно — як лазня, усіх робіць роўнымі. Інтэрнэт, які імкліва набыў нечуваную папулярнасць (у дакладным значэнні — народнасць), ужо даўно замяніў сабой «закрытую сацыялогію». Каб уведаць, што пра яго думаюць, дастаткова кожнаму начальніку набраць сваё імя і пасаду ў любым пошукавіку. Але і гэта справа не для слабанервных. Наша ж улада аказалася менавіта такой — псіхічна неўраўнаважанай, але вельмі цікаўнай. І да пачутага і прачытанага выпала, як кажуць, у асадак. Аказваецца, яе не любяць, і гэтага нават не хаваюць.
Раней яшчэ можна было суцяшацца кампліментарнымі дадзенымі «спецапытанняў», зараз ад сярмяжнай праўды хоць на вуліцу не высоўвайся. Бо там — людзі, якія цябе не любяць, не жадаюць дабра ні табе, ні тваім блізкім, ні тваім сябрам-паплечнікам. У цябе адно вяселле — у іх іншае.
У сферы матэрыяльнай былі адкрыцці, практычнае прымяненне якіх самым радыкальным чынам змяняла асновы сацыяльнага жыцця людзей. Са з’яўленнем агнястрэльнай зброі вайна перастала быць выключная справай рыцараў. Непісьменныя сяляне са стрэльбамі і гарматамі маглі б вынішчыць любое высакароднае ваярства, узброенае мячамі і пікамі. Са знікненнем рыцараў знік феадалізм. Потым да пораху дадаўся дынаміт, і аказалася, што амаль кожная, нават маленькая, дзяржава можа паспяхова ваяваць з дзяржавамі значна большымі і значна мацнейшымі. Увогуле, вайна перастала быць выключнай справай ваенных. У асабліва адказныя і рашучыя моманты іх нават пачалі пазбаўляць права прымаць адказныя рашэнні.
Дзякуючы такой мажлівасці сышлі на нішто міравыя імперыі, а палітычная мапа свету набыла сучасны выгляд.
Адэкватным палітычным афармленнем для яе стала дэмакратыя. Гэта значыць, рэальная палітыка была з адвечнага закулісся выцягнутая на вуліцу, на плошчу, дзе стала рэальнай справай звычайных людзей. Пра тых палітыкаў, хто гэтага катэгарычна не хацеў, гісторыя ці даўно забылася, ці захавала на сваіх старонках у якасці няўдалых тыранаў ці крымінальных злачынцаў.
Беларускія дзеячы любяць «хадзіць у народ», калі плошчы «зачышчаныя», а той народ спецыяльна падрыхтаваны і ў патрэбны час дастаўлены. Вось таму яны так люта ненавідзяць інтэрнэт, праз які персанальныя запрашэнні разлятаюцца імгненна.
Інтэрнэт — гэта не віртуальная іголка. Кнігадрук для духоўнай вытворчасці быў як порах для вытворчасці матэрыяльнай. А інтэрнэт — гэта віртуальны дынаміт. Дзякуючы яму палітыка становіцца насамрэч публічнай справай нават пры такіх «дэмакратах», якія, сеўшы аднаго разу на расійскую нафтагазавую іголку, не ведаюць, як з яе саскочыць.