Віталь Рымашэўскі: несці адказнасць і разумець, што адбываецца

Экс-кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі ў ноч на 1 студзеня быў выпушчаны са следчага ізалятара КДБ пад падпіску аб нявыездзе, пасля таго, як ён напісаў тлумачальную запіску на імя Лукашэнкі. 4 студзеня палітык планаваў даць прэс-канферэнцыю, але ў КДБ папярэдзілі, што калі яна адбудзецца, то Рымашэўскага зноў адправяць у СІЗА. Але сустрэцца з журналісткай Вольгай Хвоін для кароткага інтэрв’ю Віталь пагадзіўся. Тым не менш і пасля інтэрв’ю пытанні засталіся.



42547f5a44d87da3bc40ee5d09624606.jpg

Экс-кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі ў ноч на 1 студзеня быў выпушчаны са следчага ізалятара КДБ пад падпіску аб нявыездзе, пасля таго, як ён напісаў тлумачальную запіску на імя Лукашэнкі. 4 студзеня палітык планаваў даць прэс-канферэнцыю, але ў КДБ папярэдзілі, што калі яна адбудзецца, то Рымашэўскага зноў адправяць у СІЗА. Але сустрэцца з журналісткай Вольгай Хвоін для кароткага інтэрв’ю Віталь пагадзіўся. Тым не менш і пасля інтэрв’ю пытанні засталіся.
— Я даў некалькі каментараў, пасля гэтага мяне выклікалі ў КДБ і сказалі, што ў любы момант мера ўтрымання можа быць змененая, і я зноў буду знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Што мне не дадуць правесці прэсавую канферэнцыю, што любыя каментары на тэму майго вызвалення, на тэму ўсяго, што звязана з абставінамі 19-га, будуць расцэненыя як парушэнне падпіскі, спробы ўмяшацца ў хаду следства. Калі б тое, што я хацеў сказаць на гэтай прэсавай канферэнцыі, магло б істотна паўплываць на сітуацыю, я б гэта агучыў, нягледзячы на забароны. У дадзеным выпадку я не бачу ў гэтым сэнсу. Хачу паўтарыць усім сваім нядобразычліўцам — не радуйцеся, а тым, хто мяне падтрымлівае, сваім паплечнікам — не хвалюйцеся. Сутнасць маёй пазіцыі да 19-га, 19-га і цяпер не змянілася, і ніякія вусныя і пісьмовыя мае заявы гэтай пазіцыі не пярэчылі. Хто хоча, хай яшчэ раз праслухае, што я казаў на тэлебачанні, падчас сустрэчаў, там усё ёсць.
— Якім чынам можна пераламіць сітуацыю, што склалася ў краіне?
— Пераламіць сітуацыю, якая склалася ў нашай краіне, трэба неадкладна. Яшчэ раз пераконваюся ў слушнасці тых заклікаў, што рабіў падчас кампаніі. Надзея на рэальныя змены ў Беларусі не ў лідарах, не ў тых, хто лічыць сябе элітай — якой заўгодна, журналісцкай, палітычнай, — а ў тых людзях, якія праявілі здольнасць да салідарнасці, самаарганізацыі. Я быў вельмі ўражаны, здзіўлены ўзроўнем арганізаванасці гэтых людзей, калі выйшаў на свабоду. Гэта мяне прыемна ўразіла. Надзея на іх. Ні адзін учынак, які не грунтуецца на любові, не мае права на існаванне. Я гэта ведаў заўсёды, і цяпер ведаю яшчэ больш. У тым ліку і ў палітыцы. Шлях да выпраўлення, паляпшэння сітуацыі, свабоды, незалежнасці, да Беларусі палягае ў любові. Да гэтай краіны, да людзей.
Змяніць сітуацыю ў краіне можна тады, калі мы будзем жыць і дзейнічаць па-іншаму. Я казаў, што агрэсіі і злосці мы мусім супрацьпаставіць салідарнасць, духу нянавісці — дух міру. Я гэта казаў да 19-га і паўтараю зараз. Нават праведны гнеў застаецца гневам, абгрунтаваная злосць — злосцю. Павелічэнне гэтага ў беларускім грамадстве можа прывесці да катастрофы. Змагацца трэба іншымі рэчамі, трэба ўзмацніць беларускую салідарнасць.
— Падаецца, што Захад урэшце зразумеў сутнасць беларускага рэжыму. Мяркуеце, што жорсткая пазіцыя ЕС паўплывае на змякчэнне палітычнага клімату ўнутры краіны?
— Я б пажадаў, каб нам з вамі менш здавалася. Калі мы будзем спадзявацца на Еўропу ці Расію, гэта можа скончыцца яшчэ большай катастрофай, чым падзеі 19-га. Не спадзявайцеся на Расію, на Еўропу. Бо ў тым, што адбылося 19-га, ёсць віна і Расіі, і Еўропы. Я б паверыў у шчырасць гэтых намаганняў, калі б нехта пакаяўся ў тым, што рабіў раней. А калі пакаяння няма, то і веры ў шчырасць намераў у мяне няма. Давайце будзем не толькі смелымі і салідарнымі, але і разумнымі, тым больш, калі мы палітыкі. Усім людзям добрай волі трэба дзякаваць за падтрымку, а з тымі, хто хоча зарабіць з нашага гора палітычныя дывідэнды, трэба быць пільнымі, трымацца асцярожна. На жаль, такія людзі былі і ёсць як унутры краіны, так і за яе межамі. Гэта тыя, хто спрыяў падзеям 19-га. А цяпер крычаць, што сталі відушчымі. Гэта глупства — яны былі відушчымі і ёсць такімі цяпер.
Сумленнай і маючай права на існаванне пазіцыя заходніх краін можа быць тады, калі яны адначасова сумленныя і жорсткія да Расіі. Заклікаю спадзявацца на Бога і верыць у сілы беларускага народа, на іх грунтавацца ў далейшым, звязваць з гэтым лёс нашага народа, краіны.
Каб мы не загульваліся. Многія палітычныя лідары, апазіцыя былі падобныя на маленькую зграйку мышэй, што дзялілі сыр паміж лапамі ў ката. Які цяпер іх проста хлопнуў лапай. Але гэты кот знаходзіцца пад лапамі больш вялікага звера, які цяпер глядзіць і ўсміхаецца. Мы павінны несці адказнасць — вось і ўсё, што я хачу сказаць. Несці адказнасць і разумець, што адбываецца.
— Вашае вызваленне было чаканым?
— Я чакаў, што мяне выпусцяць раней. Бо ведаў, што ўсе мае дзеянні былі зафіксаваныя на відэакамеры і незалежных журналістаў, і супрацоўнікаў спецслужбаў. Але, калі прад’явілі абвінавачванне, то зразумеў, што, напэўна, я памыляўся, і сітуацыя можа быць катастрафічнай. Маё вызваленне, думаю, дае надзею на тое, што ўлады могуць адумацца. Асноўнай задачай майго знаходжання тут я бачу дамагацца вызвалення іншых людзей. Я не лічу сябе свабодным і не буду радавацца гэтай свабодзе, пакуль за кратамі застаецца Павал Севярынец і іншыя людзі. Не трэба рабіць з мяне героя — мне казалі: “Ты герой плошчы — але не таму што я на свабодзе, а нехта сядзіць. А таму, што на плошчы, калі б я быў шараговым чалавекам, то па сваіх дзеяннях я меў бы права быць ушанаваным. Але паколькі я быў лідарам, адным з тых, хто заклікаў на плошчу, то не важна, што я рабіў, важна, чаго я дамогся ці не дамогся. Сваімі дзеяннямі спыніць правакацыі я не змог. Ведаю, што мусіў бы і мог зрабіць больш, як да 19-га, так і 19-га. Пэўна, не толькі я, але адказваю за сябе.
— Ці стварылі арганізатары плошчы групу, якая б сачыла за парадкам?
— Мы спрабавалі, але зроблена было мала. Каардынацыі паміж камандамі кандыдатаў амаль не было. У гэтым, лічу, ёсць і мая віна. Калі я падыходзіў да дзвярэй парламента, каб спыніць біццё шкла, то не мог уявіць, што гэтая акцыя скончыцца ў СІЗА КДБ. Я чакаў, што пасля маіх учынкаў нехта выйдзе праз 15 сутак героем, а мяне будуць паліваць брудам. З гэтым пачуццём я падыходзіў да дзвярэй. Калі нехта зараз будзе шукаць у маёй пазіцыі здрадніцтва, то гэта яго справа. Пэўна, калі б мы менш думалі пра свой імідж, а больш — пра людзей, то было б лепш для ўсіх.


— Якія высновы зрабілі з падзей апошніх двух тыдняў?
— Уразіў узровень салідарнасці, самаарганізацыі, гэта сапраўды надзея для Беларусі. І абурыла, калі я пабачыў дзеянні некаторых былых-сучасных лідараў беларускай апазіцыі. У мяне толькі адна асацыяцыя. Часам у кватэры жывуць не зусім пажаданыя для гаспадароў жывёлы. І калі гаспадары выходзяць з пакоя, то гэтыя жывёлы вылазяць з усіх шчылін, залазяць на стол, пачуваюцца гаспадарамі. Гэта не палітычная прастытуцыя, гэта паскудства. І ніякія словы пра салідарнасць, пра адзінства не могуць прыкрыць гэтае паскудства, якое проста нельга дапускаць. Я не буду называць прозвішчы, але ўсё відавочна.
Я дарую таму хлопчыку — памятаю твар амапаўца, які мяне біў дубінкай. Ён некалькі імгненняў думаў, калі ўсе пабеглі ад дзвярэй Дома ўраду, і я застаўся. Быў яшчэ адзін чалавек, я не супраціўляўся, хацеў паразмаўляць з кіраўніком АМАПУ, хаця гэта было бессэнсоўна. Я памятаю вочы таго хлопчыка, ён быў разгублены — біць ці не біць, а потым пабачыў у руках мегафон і вырашыў біць. Я яго не віню і дарую, але кожны мусіць вырашаць для сябе сам.
— Якія ўмовы ўтрымання ў СІЗА КДБ?
— Я б не хацеў, каб мае словы праектаваліся на іншых, хто ўтрымліваецца ў СІЗА, бо не ведаю, як абыходзіліся і абыходзяцца з іншымі людзьмі. Магчыма, да іх стаўленне іншае. Што тычыцца мяне асабіста, то скажу карэктна, што чакаў намнога горшага, бо турма КДБ мае свой імідж. Калі гаварыць пра медыцынскае абслугоўванне, то пра маё здароўе сапраўды турбаваліся, некалькі разоў вазілі ў клініку КДБ на абследаванне. Мне не паказалі дагэтуль мой дыягназ, але нават калі нешта выпісвалі, то подпісы ставілі тры дактары — яны баяліся браць адказнасць і пераправяралі па некалькі разоў. Магу сказаць, што яны пра маё здароўе непакоіліся больш, чым я, толькі каб нешта там са мной не сталася.
— Ці былі пракурорскія праверкі ўмоў утрымання?
— Інспекцый з пракуратуры я не памятаю. Калі я знаходзіўся ў камеры, інспекцый не было.
— З кім вы знаходзіліся ў камеры?
— Магу сказаць, што калі трапіў у камеру, то адбыўся мой кантакт з прадстаўнікамі вышэйшых эшалонаў улады. Падпалкоўнікі, дырэктары заводаў — вось з кім я меў там стасункі. Многае даведаўся пра працу сістэмы. Мы зараз праяўляем салідарнасць, перадусім, канешне, трэба бараніць сваіх. Людзі, якія там сядзяць, напэўна, парушылі закон, але цяпер дадаліся палітычныя, і ім стала яшчэ больш няпроста. Таму калі будуць лішкі пасылак, перадач, то я б заклікаў праявіць салідарнасць і з гэтымі людзьмі.