Вячаслаў Сіўчык абвясціў галадоўку?
Вячаслаў Сіўчык, які цяпер знаходзіцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна ў Мінску, верагодна, абвясціў галадоўку.
"Учора ён адмовіўся ад перадачы, гэта значыць, што ён галадае, — паведаміла БелаПАН Алена Талстая, сустаршыня руху салідарнасці „Разам”, які заснаваў палітык. — Адваката да Вячаслава ўчора не пусцілі, хоць ён некалькі гадзін стаяў каля ЦІП. Сказалі, што няма кабінетаў для наведвання”.
Сіўчык быў затрыманы 21 сакавіка ля свайго дома людзьмі ў цывільным, якія растлумачылі свае дзеянні нібыта здзейсненым злачынствам і неабходнасцю дапытаць. У выніку яго даставілі ў ЦІП для адбыцця пакарання, вынесенага летась.
У кастрычніку 2017 года суд Партызанскага раёна Менска асудзіў Сіўчыка на пяць сутак арышту за ўдзел у акцыі супраць правядзення сумесных беларуска-расейскіх ваенных вучэнняў „Захад-2017”, якая была прымеркаваная да Дня беларускай вайсковай славы 8 верасня.
21 сакавіка таксама былі затрыманыя і зараз знаходзяцца ў ЦІП палітыкі Уладзімір Някляеў і Максім Вінярскі.
22 сакавіка быў затрыманы сябра "Моладзі БНФ" Арцём Касавараў. А сёння ранаіцай, 23 сакавіка, былі арыштаваныя каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель і актывіст "Еўрапейскай Беларусі" Леанід Кулакоў.
Паводле www.racyja.com