Вайна з «талеркамі»: чыноўнікі рыхтуюць рэйд па кватэрах
Супрацоўнікі раённых адміністрацый будуць шукаць «няправільныя» спадарожнікавыя антэны і кандыцыянеры.
Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення добраўпарадкавання і гарадскога дызайну Камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкама Аляксандр Андрончык у інтэрв'ю
«Белорусским новостям».
Скандальная пастанова Савета міністраў ад 16 траўня 2013 года вызначае, што ўладальнікі такіх інжынерных канструкцый павінны заднім чыслом атрымаць на іх дазвол, гэта значыць фактычна
прадставіць той жа пакет дакументаў, што і грамадзяне, якія толькі збіраюцца абзавесціся талеркай або кандыцыянерам.
Зразумела, што па сваёй волі прытрымлівацца літары закону будуць адзінкі. Чыноўнік прыгразіў, што ў такім выпадку можа прайсці кампанія па ліквідацыі талерак.
«Скажуць правесці рэйд па выяўленні незаконна ўсталяваных кандыцыянераў, правядзем. І хоць для такой працы асобна выдзеленых супрацоўнікаў няма, у любым выпадку прадстаўнікі раённых
адміністрацый штотыдзень ездзяць па раёне, і для іх не складзе цяжкасці зрабіць пару-тройку фотаздымкаў няправільна размешчаных інжынерных прыстасаванняў», — сказаў Аляксандр
Андрончык.
Адзначым, што, згодна з пастановай Саўміна, для ўсталёўкі кандыцыянера або спадарожнікавай антэны на будынку трэба атрымаць дазвол мясцовых уладаў. Адмовіць у такім дазволе яны могуць, калі
абсталяванне плануецца размясціць «на фасадах жылых дамоў, якiя ўнесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, а таксама на фасадах жылых дамоў, якія
выходзяць на галоўныя вуліцы і плошчы».
Нагадаем, з-за забароны на ўсталёўку спадарожнікавых антэн, іх могуць пазбавіцца каля паўмільёна чалавек.
Паводле naviny.by