Валянціне Аліневіч дазволілі сустрэцца з сынам


Маці палітвязня Ігара Аліневіча змагла наведаць яго ў Наваполацкай калоніі. Валянціна Аліневіч напісала пра гэта ў Фэйсбуку.



akrescina.jpg


«Вярнулася з доўгатэрміновага спаткання з Ігарам. Але доўгатэрміновае — гэта моцна сказана», — піша маці палітвязня. Па яе словах, далі адны суткі без вынасу прадуктаў. Ніводнага кілаграма.


«Хацела ў дар калоніі перадаць два мяхі яблыкаў на атрад. Улічваючы тое, што за ўсё лета-восень Ігар з'еў палову яблыка (хтосьці пачаставаў), гэта было б нядрэнна. Але ежу нават у дар ўсёй калоніі перадаваць нельга. Так што трэці раз везла 30-ці кілаграмовую перадачу дарма», — напісала маці Ігара Аліневіча.


Валянціна Аліневіч адзначае, што ездзіць у калонію з кожным разам усё цяжэй ва ўмовах поўнай нявызначанасці. «Ніколі не ведаеш дакладна, дадуць спатканне або будуць прыдумляць любыя фармальныя і нефармальныя прычыны, каб пазбавіць іх яго», — піша яна.


Ігар Аліневіч адбывае 8 гадоў зняволення за акцыю анархістаў, аднак сваёй віны ён так і не прызнаў.


Беларускае Радыё Рацыя

Фота  spring96.org