Валянціну Уладзімраўну Быкаву пахавалі ў вёсцы Ваўчо
Развітанне з сястрой Васіля Быкава адбылося ў яе роднай хаце ў вёсцы Ваўчо, дзе яна правяла сваю апошнюю ноч. Паводле тастаменту, пахавалі каля мужа, які памёр шмат гадоў таму.
Учора нябожчыцу даставілі з Віцебскага абласнога шпіталя, — там Валянціна Быкава памерла ў выніку атрыманых у маі траўмаў ад нападу невядомага.
Пахаваннем займаліся мясцовыя ўлады — райвыканкам і райсавет. Яны арганізавалі дастаўку цела, пахаванне на могілках, а таксама жалобны стол. Сацыяльныя службы належным чынам прывялі ў парадак і падворак, і могілкі.
Развітацца з цёткай прыехалі сыны Васіля Быкава — Васіль і Сяргей, а таксама сын яе малодшага брата з вёскі Бычкі Мікалая Харака, які з’яўляецца загадчыкам музею-сядзібы Васіля Быкава. Таксама былі літаратар Глеб Лабадзенка і ўдава Рыгора Барадуліна — Валянціна Барадуліна.
Чытайце таксама:
«Я ўжо не веру, што будуць калі лепшыя часы...»
Дарэчы, высветлілася, што паводле дакументаў, Валянціна Быкава не мела сёлета 90-гадовы юбілею. Калісьці яна «амаладзілася» на адзін год і запісала датай нараджэння 24 чэрвеня 1927 года.
Насамрэч, сястра Быкава нарадзілася 7 ліпеня 1926 года, яна не дажыла чатыры дні да 90-годдзя.
З боку прадстаўнікоў уладаў на пахаванні гучалі словы пра тое, што нападу на Валянціну Быкаву магло не быць, і што яна магла сама паваліцца і паламаць руку і рэбры.
Хата Валянціны Быкавай у Ваўчы
Развітваецца Сяргей Быкаў, сын Васіля Быкава, крайні справа — яшчэ адзін сын, Васіль Быкаў
Развітваецца Антаніна Быкава, удава малодшага брата, Мікалая