Васілю Хадзькову ў пяты раз адмовілі ў правядзенні пікета

Пенсіянеру Васілю Хадзькову чыноўнікі Мінскага гарвыканкама ў пяты раз за апошнія паўгода адмовілі ў пікетаванні.  



hadzkou.jpg

Акцыя была запланавана на 15 чэрвеня з 16.00 да 17.00 каля слупа з асвятляльным ліхтаром, што пасярод скверу “Палянка” паміж вуліцамі імя Лібкнехта, Карпава і Люксембург ў Маскоўскім раёне сталіцы. Прычым, заяўнік звярнуў увагу чынавенства на тое, што прапанаванае месца пікетавання адпавядае нормам Закону Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”.

Пад час акцыі з удзелам заяўніка і на ягоныя сродкі мяркавалася выкарыстаць плакаты наступнага зместу: “Дом знеслі (2009 год), метро пусцілі (2012 год), а кватэру дать забылі!”, “У Канстытуцыi правы i свабоды – на паперы, а мне яны патрэбныя у жыццi!” і “На выснове якой нормы права мне – уласніку знесенага дома адмоўлена ў новай кватэры?”.

Аднак чынавенства, як і раней, адмовіла пенсіянеру ў правядзенні акцыі на выснове таго, што 15 чэрвеня з 14.00 да 18.00 УП “Зяленбуд Маскоўскага раёна горада Мінска” з удзелам грамадскасці будзе праводзіць працы па добраўпарадкаванню сквера “Палянка”.    

Трэба адзначыць, што ранейшыя адмовы на правядзенне акцыі ў гэтым жа месцы матываваліся таксама неабходнасцю добраўпарадкавання тэрыторыі скверу і пакосам травы. 

Нягледзячы на такую пазіцыю ўладаў, Васіль Хадзькоў збіраецца ў бліжэйшыя дні накіраваць заяву ў Мінгарвыканкам з просьбай прадставіць план мерапрыемстваў у скверы “Палянка” на наступны месяц, каб мець мажлівасць выбраць такі дзень і час для пікетавання, які б аніяк не замінаў клопатам уладаў пра прыстойны выгляд скверу.