Васілю Парфянкову ні разу не далі пазваніць дамоў
З леташняга жніўня, калі Васіль Парфянкоў трапіў у баранавіцкі арыштны дом, яму ніводнага разу не дазволілі патэлефанаваць дамоў. Маці палітвязня не дачакалася званку ад сына і на навагоднія святы.
«Атрымалі толькі ліст, у якім піша, што ўмоўна-датэрміновага вызвалення яму не будзе», — паведаміла «Свабодзе»
Валянціна Парфянкова.
«На УДВ ён не трапляе, не пускаюць яго. Будзе там да канца тэрміну, да 9 лютага. Мы яму сабралі бандэроль
на 5 кілаграмаў, адправілі да Новага года. Пра прычыны адмовы сам ён нічога не напісаў, але мы з інтэрнэту даведаліся, што да яго ёсць
прэтэнзіі за нібыта парушэнне рэжыму. У лістах раней пісаў, што адміністрацыя да яго не чапляецца, але высветлілася, што камісію па ўмоўна-датэрміновым
вызваленні ён не прайшоў».
Паводле маці Парфянкова, ён не скардзіцца на ўмовы ўтрымання і піша, што здаровы.
Былы абаронца Курапат і ўдзельнік Плошчы Васіль Парфянкоў быў асуджаны на 6 месяцаў арышту за парушэнне рэжыму адбыцця прэвентыўнага нагляду,
накладзенага на яго за ўдзел у акцыях салідарнасці ў 2011 годзе. Адбывае пакаранне ў Баранавіцкім СІЗА.