Веласіпедысту, які вырываўся з рук міліцыянтаў, прысудзілі 2 гады

Суд Цэнтральнага раёна Мінска прысудзіў два гады зняволення веласіпедысту. 7 жніўня, за два дні да выбараў, хлопец удзельнічаў у велапрабегу па вуліцах Мінска — такія з’явы былі папулярныя ў той час, паведамляе «Наша ніва».

Велапрабег у Мінск, ілюстрацыйны здымак, фота Надзеі Бужан

Велапрабег у Мінск, ілюстрацыйны здымак, фота Надзеі Бужан


Два міліцыянеры, Ш. І М., вырашылі затрымаць хлопца («Наша ніва» адзначае, што прозвішча хлопца ёсць у рэдакцыі). Фармальна — за адсутнасць люстэрка задняга віду і гукавога сігнала. Гэта абсурднае патрабаванне было прапісана ў савецкіх правілах дарожнага руху, засталося і ў цяперашнім заканадаўстве.
Міліцыянты схапілі веласіпедыста, той стаў вырывацца. Паведамляецца, што падчас гэтай штурханіны хлопец адзін раз трапіў па галаве Ш., адзін — па галаве М., а таксама хапаў рукамі за шыю М. і сціскаў рукамі. Ніякіх траўмаў у міліцыянераў няма, толькі атрыманы фізічны боль. Ну і парваныя ў М. кашуля са штанамі.
У выніку хлопцу-веласіпедысту прысудзілі два гады ў калоніі агульнага рэжыму. Рашэнне можа быць абскарджана.