VI Беларускі касмічны кангрэс адбудзецца ў Мінску

VI Беларускі касмічны кангрэс пройдзе 28-30 кастрычніка ў Мінску і збярэ больш за 150 навукоўцаў. 



bbd6ccef8b6bdc3a3269d034d824e285.jpg

"У мерапрыемстве возьмуць удзел вядучыя спецыялісты касмічнай галіны, а таксама лётчыкі-касманаўты. Будзе прачытана больш за 150 дакладаў навукоўцаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана, Кыргызстана і шэрагу іншых краін", — удакладнілі ў прэс-службе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

На форуме будуць абмяркоўвацца апошнія дасягненні ў касмічнай вобласці і прыярытэтныя кірункі развіцця касмічнай дзейнасці. У пленарных дакладах вучоныя прадставяць новыя напрамкі супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў касмічнай сферы ў рамках рэалізацыі праграмы Саюзнай дзяржавы "Маніторынг-СД", а таксама вынікі выканання першага этапу і задачы наступных этапаў гэтай праграмы. Плануецца абмеркаванне сучаснага стану і перспектыў сістэмы адбору і падрыхтоўкі касманаўтаў у Расіі, а таксама развіцця аэракасмічнай адукацыі ва Украіне.

Падчас правядзення кангрэса ў памяшканні Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі будзе працаваць выстава навукова-тэхнічнай прадукцыі касмічнага прызначэння, якая прадстаўляе вынікі рэалізацыі навукова-тэхнічных праграм і праектаў па касмічнай тэме.

БЕЛТА