Віцебскі актывіст Пётар Іваноў дамогся перамогі над РУП «Белпошта»

З прычыны несвоечасовай дастаўкі паштовага адпраўлення Пётр Іваноў звяртаўся ў суд Кастрычніцкага раёну Віцебску з патрабаваннем кампенсаваць яму маральную шкоду. У судзе работнікі «Белпошты» сваю віну прызналі, прынеслі заяўніку свае прабачэнні і прапанавалі міравое пагадненне.



th_13011401.jpg

Такое пагадненне было заключанае, і актывіст тут жа ў будынку суду атрымаў ад паштальёнаў 600 тысяч рублёў кампенсацыі.

Гісторыя, у якой цяпер пастаўленая кропка, распачалася падчас парламенцкіх выбараў 2012 года. На тых выбарах Пётр Іваноў быў удзельнікам кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары». Выконваючы свае абавязкі па назіранні выбарчага працэсу ў рамках гэтай кампаніі, ён пазнаёміўся з кіраўніком місіі БДІПЧ АБСЭ Антоніё Мілашоскім.

Апошні, даведаўшыся, што напярэдадні заключнага дня галасавання мае адбыцца вяселле дачкі спадара Іванова, даслаў віншаванне, якое кур’ер мусіў уручыць адрасату за дзень да вяселля. Аднак ані ў той дзень, ані ў наступны, ані праз тыдзень віншаванне маладым так і не было дастаўленае. Пётр Іваноў, хутчэй за ўсё, зусім бы і не даведаўся пра яго існаванне, калі б праз некаторы час яму не патэлефанаваў перакладчык місіі АБСЭ і, між іншым, не пацікавіўся б, як прайшло вяселле і як было ўспрынятае віншаванне ад кіраўніка місіі АБСЭ.

Антоніё Мілашоскі быў збянтэжаны тым, як беларуская паштовая служба абышлася з яго віншаваннем, якое, як яму паведамілі, нібыта было ўручанае адрасату. А Пётр Іваноў стаў шукаць згубленую паштоўку. І нарэшце яна была знойдзеная: у адным з кабінетаў сектару абслугоўвання карпаратыўных кліентаў (САКК).

У кнігу заўвагаў і прапановаў САКК была ўнесеная адпаведная заўвага, а праз два тыдні была атрыманая адпіска за подпісам намесніцы дырэктара Віцебскага філіялу РУП «Белпошта» Кацярыны Зінкевіч, у якой тая паведаміла: «парушэнняў тэхналагічнага працэсу дастаўкі адпраўлення Netліст з боку працаўнікоў Віцебскага філіялу РУП “Белпошта не выяўлена».

Гэтая адпіска была абскарджаная міністру сувязі і інфарматызацыі Мікалаю Панцялею, таксама прэтэнзія была накіраваная генеральнаму дырэктару РУП «Белпошта» Ірыне Саксонавай. Высокапастаўленыя сталічныя чыноўнікі прызналі зварот спадара Іванова абгрунтаваным, шэрагу службовых асоб былі аб’яўленыя вымовы, а намесніцы дырэктара Віцебскага філіялу РУП «Белпошта» Кацярыне Зінкевіч было «ўказана на недапушчальнасць павярхоўнага разгляду зваротаў грамадзян».

Зразумела, што пасля такой рэакцыі з боку і міністра і гендырэктара, прадстаўнікам «Белпошты» ў судзе не заставалася нічога іншага, як прызнаць слушнасць выстаўленых у адрас іх арганізацыі патрабаванняў.

Пётар Іваноў перакананы, што яго гісторыя даказвае, што барацьба за свае правы не з’яўляецца марнай. «Заклікаю ўсіх, хто лічыць, што іхныя правы парушаныя, не апускаць рукі, захоўваць бадзёрасць, звяртацца да праваабаронцаў, якія абавязкова дапамогуць. І гэта будзе на карысць нашай краіны», — рэзюмаваў віцебскі актывіст.

prava.vitebsk.cc