Віцебскіх актывістаў выклікаюць у міліцыю за «чарнобыльскі пікет»
Сябра Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Яна Дзяржаўцава выклікаюць 30 красавіка, каб узяць тлумачэнні наконт пікету, што яны правялі на ўгодкі чарнобыльскай трагедыі разам з аднапартыйцам Віталем Каваленкам, братам вядомага актывіста Сяргея Каваленкі. Напярэдадні дахаты актывісту прынеслі позву ў Кастрычніцкі РАУС.
Позву супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС уручылі сыну Яна Дзяржаўцава — каб перадаў бацьку. На позве быў пазначаны кантактны тэлефон, чым спадар Дзяржаўцаў і скарыстаўся:
«Я патэлефанаваў, каб папярэдзіць, што бегаць ад міліцыі не збіраюся. Але знаходжуся па-за межамі Віцебску, таму ніяк не змагу патрапіць у пастарунак да 10.00. Прасіў, каб гутарку перанеслі на іншы дзень. Аднак міліцыянты не пагадзіліся: загадалі прыйсці заўтра да 12-й. Сказалі, што “ненадоўга”. Але іхнае “ненадоўга” — гэта могуць быць і 15 сутак, калі яны вырашаць складаць пратакол ды тэрмінова перадаваць яго ў суд. А могуць і змясціць у ізалятар часовага ўтрымання да суду... Пыталіся, ці не ведаю я тэлефона Віталя Каваленкі. Яму позву яшчэ не прыносілі, але, відаць, хочуць яго выклікаць таксама».
26 красавіка Ян Дзяржаўцаў і Віталь Каваленка выйшлі ў цэнтр Віцебску з плакатамі «Будаваць АЭС без згоды народу можа толькі вораг Беларусі» і «Дыктатар, пабудуеш Астравец — пажнеш Чарнобыль». Праз колькі часу, калі актывісты ўжо згарнулі плакаты, да іх пад’ехала міліцэйская машына. Аднак міліцыянты не бачылі партыйцаў з плакатамі, таму яны толькі папярэдзілі, каб плакатаў не разгортвалі. І на ўсялякі выпадак патруль праводзіў Яна Дзяржаўцава і Віталя Каваленку да прыпынку грамадскага транспарту...
Фотаздымкі з пікету ў той самы дзень з’явіліся на розных інтэрнэт-сайтах. Дзяржаўцаў і Каваленка прадбачылі, што гэта можа стацца галоўным доказам супраць іх, калі міліцыянты пазней захочуць скласці пратаколы за правядзенне несанкцыянаванай акцыі. Так яно і здарылася, і сябры КХП-БНФ не збіраюцца адмаўляць таго, што зрабілі.