Віктар Статкевіч і Марына Адамовіч падалі ў міліцыю заяву аб пагрозах

Віктар Статкевіч, бацька экс-кандыдата на прэзідэнта Мікалая Статкевіча, і жонка палітвязня Марына Адамовіч падалі заяву ў міліцыю пасля атрымання ананімнага ліста з пагрозамі.



pahrozy_statkieviczu.jpg

— У гарадской міліцыі нас сустрэлі вельмі ветліва, прынялі нашу заяву, і мы размаўлялі з маладым супрацоўнікам міліцыі амаль дзве гадзіны. Я распавёў, што пасля традыцыйнага дзённага шпацыру ўбачыў, што на ручцы дзвярэй маёй кватэры вісіць гэтак званая «георгіеўская стужка», а потым у паштовай скрыні знайшоў гэты абразлівы канверт. Паказаў, што замест адрасу адпраўшчыка на канверце было напісана «Ісламская дзяржава Іраку і Леванту». Адзначыў, што тэкст ліста проста зневажальны і на добрую палову складаецца з мацюкоў і пачынаецца словамі «падабаецца каму ці не, але рускі мішка прачнуўся...», — паведаміў Статкевіч Віктар Паўлавіч.
88-гадовы Статкевіч-старэйшы выказаў меркаванне, што гэтым лістом невядомыя спрабуюць уздзейнічаць на яго сына-палітвязня, які ўвесь час адмаўляецца пісаць на імя Аляксандра Лукашэнкі прашэнне аб памілаванні. Праваабаронца Сяргей Гоўша, які наведаў Віктара Статкевіча,адзначыў, што аўтараў ананімнага ліста міліцыя, калі пажадае, можа вылічыць, тым больш што зламыснікі падыходзілі да пад’езду, дзе заўсёды сядзяць на лаўках пенсіянеры, замотвалі стужкаю ручку дзвярэй і, магчыма, іх маглі бачыць суседзі ці выпадковыя людзі. Можна шукаць сведак. Але ці будзе міліцыя сур’ёзна займацца гэтай справай — пакажа час.
spring96.org